Салігорскія праваабаронцы правялі акцыю "Маю права"
Праваабаронцы з салігорскага прадстаўніцтва Беларускага Хельсінскага Камітэту зладзілі акцыю “Маю права”, у межах якой разаслалі паштоўкі праваабарончага зместу ў дзяржаўныя ўстановы Салігоршчыны.
Распавядае ініцыятар акцыі Аляксей Валабуеў:
- Для акцыі былі абраныя паштоўкі беларускага дызайнера Змітра Краўчанкі, зробленыя ў межах адмысловага конкурсу Праваабарончага цэнтру “Вясна”. Кожная паштоўка адлюстроўвае сутнасць пэўнага права. У адпаведнасці са зместам паштовак абіраліся дзяржаўныя ўстановы, у якія наш мэсыдж накіроўваўся.
Пра права на мірныя сходы нагадалі старшыні Салігорскага райвыканкаму, які нясе персанальную адказнасць за татальную забарону ў сталіцы шахцёраў пікетаў ды мітынгаў. У пракуратуру была накіравана паштоўка з інфармацыяй аб недапушчальнасці дыскрымінацыі па палітычных ці іншых перакананнях. Пра свабоду думкі і права на вольны выбар сістэмы духоўных каштоўнасцяў нагадалі галоўнаму ідэолагу Салігоршчыны.
“Перш, чым чыніць правасуддзе, вельмі важна пачыніць машыну правасуддзя,” - гаворыцца ў паштоўцы, дасланай на адрас суда Салігорскага раёна. Дырэктару Салігорскага тэлеканала даслалі перафразаваную цытату Альберта Камю, у якой гаворыцца аб тым, што “вольныя медыі бываюць добрымі ці дрэннымі, але несвабодныя медыя дакладна бываюць толькі дрэннымі”. Старшыні Салігорскага раённага Савета дэпутатаў нагадалі пра права свабодна абіраць і быць абраным у дзяржаўныя органы, а свабодныя і справядлівыя выбары з’яўляюцца адзіна магчымым шляхам дэмакратычнага вырашэння супярэчнасцяў у грамадстве.