Як святкавалі Дзень Волі у Берасці
Упершыню за апошнія гады прадстаўнікі дэмакратычных сіл Берасця супольна адзначалі гэтае свята. Пры тым, што значная колькасць берасцейскіх актывістаў паехала ў гэты дзень на святкаванне Дня Волі ў Менск, удзел у святочных мерапрыемствах узялі агулам каля 70-ці чалавек.
У 12-00 у 3-х мікрараёнах горада (Цэнтр, Кавалёва, Усход) актывісты дэмакратычных сіл раздавалі мінікам віншаванні з нагоды Дня волі ад імя Партыі БНФ і інфармацыйны бюлетэнь Берасцейскай абласной арганізацыі БСДП "Грамада" "Разам з народам".
Падчас раздачы каля ЦУМа былі затрыманыя Старшыня Берасцейскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Шыманскі, актывіст гэтай партыі Юрый Жыдовіч і актывіст БСДП "Г" Антон Стасюк. Затрыманых даставілі ў Ленінскі РАУС, дзе, адпаведна ілжывым рапартам супрацоўнікаў міліцыі, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы Берасцейскага гарвыканкама Дубіна С.В. склаў на ўсіх траіх пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні - распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных.
У 14-00 у мікрараёне "Усход-6" пачаўся футбольны турнір, прысвечаны 89-й гадавіне абвяшчэння БНР. Удзел у турніры бралі каманды Аб'яднанай грамадзянскай партыі, БСДП"Г", Партыі БНФ, Партыі Камуністаў Беларускай. Пераможцы турніра, каманда БСДП "Г", атрымалі каштоўныя прызы і кубак. Адзначым, што турнір праходзіў пад пільным наглядам супрацоўнікаў міліцыі, паведамляе “Дзедзіч”.