viasna on patreon

МЗС не пажадаў пачуць праваабаронцу

2013 2013-06-07T23:59:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/rybakou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Рыбакоў, намеснік міністра замежных спраў Беларусі

Валянцін Рыбакоў, намеснік міністра замежных спраў Беларусі

Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч атрымаў з МЗС адказ на свой зварот адносна невыканання дзяржавай рашэння Працоўнай групы па адвольных затрыманнях ААН па справе кіраўніка арганізацыі Алеся Бяляцкага.

У звароце на імя міністра Уладзіміра Макея праваабаронца нагадваў, што ў задачы МЗС уваходзіць і кантроль за выкананнем міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь і аказанне садзейнічання ў выкананні міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь.

“Беларусь не мае магчымасці прыняць да разгляду меркаванні працоўнай групы, аб чым Рада ААН па правах чалавека і працоўная група па адвольных затрыманнях праінфармаваныя” – так падвынікоўваецца адказ МЗС, датаваны 31 траўня і падпісаны намеснікам міністра Валянцінам Рыбаковым.  

У якасці аргументацыі прадстаўнік міністэрства піша наступнае: “Выкананне меркаванняў Працоўнай групы па адвольных затрыманнях не падпадае пад міжнародныя абавязацельствы Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі, удзельніцай якіх з’яўляецца Рэспубліка Беларусь”.

Гэтым абзацам МЗС толькі дэманстратыўна пацвердзіў адмову беларускай дзяржавы ад выканання рашэння Працоўнай групы,  адмову ад супрацоўніцтва. Бо ў сваім звароце Валянцін Стэфановіч якраз зрабіў акцэнт на тым, што “спецыяльныя працэдуры ААН (у тым ліку Працоўная група па адвольных затрыманнях) з’яўляюцца дапаможнымі органамі ААН. Яны былі створаны Саветам па правах чалавека ААН і падсправаздачныя яму. Сябры ПГАЗ абіраюцца Кансультатыўнай групай, якая прызначаецца Саветам па правах чалавека ААН, на падставе ведаў і досведу ў галіне іх мандата, добрасумленнасці, незалежнасці і бесстароннасці. Іх юрыдычныя заключэнні, такія як вышэйзгаданае рашэнне па справе Алеся Бяляцкага, з’яўляюцца рашэннямі ААН. Рэспубліка Беларусь як дзяржава-сябар ААН мае абавязак супрацоўнічаць з усімі органамі і механізмамі ААН (як гэта прадугледжана артыкулам 56 Статута ААН), а таксама звязана дамовамі, у прыватнасці МПГПП, які Беларусь ратыфікавала ў 1973 г.” Відавочна, прадстаўнікі знешнепалітычнага ведамства не пажадалі пачуць довады праваабаронцы.

“Гэты адказ у прынцыпе цалкам кладзецца ў агульны кантэкст пазіцыі Міністэрства замежных спраў і беларускай дэлегацыі пры ААН у Жэневе наконт рашэння Працоўнай групы па адвольных затрыманнях па справе Алеся Бяляцкага, - каментуе Валянцін Стэфановіч. - Нагадаю, што ў сакавіку беларуская дэлегацыя ў ААН фактычна заявіла, што Беларусь адмаўляецца ад супрацоўніцтва з Працоўнай групай, паколькі лічыць, што яна “значна перавысіла свае паўнамоцтвы” і “парушыла прафесійную этыку”. Зараз МЗС фактычна у чарговы раз пацвердзіў тое, пра што я казаў падчас свайго выступу на бягучай сесіі Рады па правах чалавека ААН: Беларусь ігнаруе свае абавязацельствы і ўхіляецца ад іх выканання”.

Пры гэтым высокапастаўленыя чыноўнікі ўвесь час знарочыста падкрэсліваюць сваё стаўленне да асобы Алеся Бяляцкага, дэманструючы тым самым ўласную неаб’ектыўнасць і перадузятасць. Так, выступ на сакавіцкай сесіі Рады па правах чалавека ААН прагучаў у даволі жорсткай форме – з выразамі тыпу “так званага праваабаронцы Бяляцкага”, “няўрадавыя арганізацыі, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя”, “разглядаем заключэнне Працоўнай групы як спробу апраўдаць злачынцу шляхам прылічэння яго да праваабаронцаў”.   

Акрамя таго, афіцыйны беларускі бок абвінавачвае Працоўную групу па адвольных затрыманнях ў тым, што яна “праігнаравала інфармацыю ўрада па гэтай справе і з незразумелых прычынаў не ўключыла яе ў свой даклад”.  

“Я чытаў гэтыя Меркаванні Працоўнай групы, і інфармацыя, дасланая беларускім ўрадам (пра тое, што Алесь Бяляцкі нібыта ўхіляўся ад падаткаабкладання), аналізавалася Працоўнай групай, - кажа Валянцін Стэфановіч. - Але ні следства ні суд не прынялі ніякіх мераў для ўстанаўлення паходжання грашовых сродкаў, якія з’яўляліся замежнай дапамогай на  дзейнасць Праваабарончага цэнтра “Вясна”, а з самага пачатку зыходзілі з пазіцыі, што гэтыя сродкі з’яўляюцца асабістым даходам Бяляцкага. Хоць, калі ўжо казаць па самой сутнасці справы, не было выкананна ўказанне Пракуратуры горада Мінска ні следствам ні судом – ніхто не звяртаўся ў фонды, каб даведацца, што гэта за грошы. А, як вядома, цяжар доказу кладзецца на бок следства і суда, а не на абвінавачанага. Таму мы лічым, што віна Алеся Бяляцкага не была даказаная ў судзе, і яго справа з’яўляецца якраз вынікам палітыкі беларускіх уладаў у дачыненні да няўрадавых арганізацый, калі яны спачатку выціскаюць іх у нелегальнае поле, затым крыміналізуюць дзейнасць незарэгістраваных арганізацый, магчымасць атрымання фінансавай дапамогі, а потым кажуць, што ты з’яўляешся злачынцам”.

Праваабаронца таксама звяртае ўвагу на тое, што Працоўная група ў сваіх Меркаваннях дакладна сфармулявала не толькі негатыўныя абавязацельствы дзяржавы ў галіне свабоды асацыяцыяў, але і пазітыўныя – стварэнне належных умоваў для працы няўрадавых арганізацыяў і атрымання імі фінансавання, як за межамі, так і ўнутры краіны. Відавочна, Беларусь не выконвае ні пазітыўныя ні негатыўныя абавязацельствы – дзяржава ўмешваецца у дзейнасць няўрадавых арганізацый, пераследуе іх, крыміналізуе. 

 

Адказ МЗС на зварот Валянціна Стэфановіча

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства