viasna on patreon

Стэфановіч з трыбуны ААН нагадаў уладам Беларусі пра міжнародныя абавязацельствы

2013 2013-06-04T18:09:33+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-hrc_un-04.06.2013-a.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч падчас выступу

Валянцін Стэфановіч падчас выступу

4 чэрвеня намеснік кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясны” браў удзел у інтэрактыўным дыялогу вакол справаздачы Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

У сваім выступе Валянцін Стэфановіч сказаў наступнае:

“Я з’яўляюся намеснікам старшыні ПЦ «Вясна», якім кірую з моманту арышту нашага старшыні, асуджанага да 4,5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» і Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека вітаюць даклад Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Сітуацыя з правамі чалавека застаецца стабільна дрэннай: рэалізацыя грамадзянскіх і палітычных правоў носіць абмежаваны характар, па-ранейшаму знаходзяцца ў турмах палітычныя зняволеныя, у тым ліку кандыдат на выбарах у прэзідэнты 2010 года Статкевіч, старшыня ПЦ «Вясна» і віцэ-прэзідэнт FIDH Бяляцкі і лідэр «Маладога фронту» Дашкевіч.

У краіне працягваюць выносіцца і выконвацца смяротныя прысуды. Дзейнасць незарэгістраваных НДА і атрыманне фінансавай замежнай дапамогі крыміналізаваныя, насуперак сакавіцкай рэзалюцыі Рады па правах чалавека ААН.

Беларусь ігнаруе рашэнні Камітэта па правах чалавека, Працоўнай групы па адвольных затрыманнях і інш. Беларускі МЗС афіцыйна заяўляў, што рашэнні КПЧ па індывідуальных скаргах не абавязковыя для выканання. Ні адно з рашэнняў КПЧ па індывідуальных скаргах не было выканана.

У адказ на вынесенае рашэнне Працоўнай групы па адвольных затрыманнях ААН па справе Алеся Бяляцкага, які знаходзіцца ў зняволенні са жніўня 2011 года, беларуская дэлегацыя ў сакавіку афіцыйна заявіла пра спыненне супрацоўніцтва з гэтым механізмам ААН.

Нават смяротныя прысуды прыводзяцца ў выкананне, хоць індывідуальныя звароты па гэтых справах былі зарэгістраваны ў КПЧ і па іх былі распачаты тэрміновыя працэдуры, пра што беларускім ўладам было належным чынам паведамлена.

Мы заклікаем беларускія ўлады запрасіць у краіну тэматычных дакладчыкаў ААН, у тым ліку дакладчыкаў па катаваннях, абароне праваабаронцаў, незалежнасці судовай сістэмы і адвакатуры, свабодзе асацыяцый і Працоўную групу па адвольных затрыманнях. Мы таксама заклікаем дапусціць у краіну Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, як ён неаднаразова прасіў, каб ён мог атрымаць інфармацыю пра становішча ў краіне як ад незалежных НДА, так і ад дзяржаўных органаў.

Мы нагадваем, што ўсе Спецыяльныя працэдуры з'яўляюцца дапаможнымі органамі ААН і іх рашэнні з'яўляюцца рашэннямі ААН. Беларусь як дзяржава-сябра ААН мае абавязак супрацоўнічаць з усімі органамі і механізмамі ААН (як гэта прадугледжана артыкулам 56 Статута ААН), а таксама звязана дамовамі, якія Беларусь ратыфікавала”.

Справаздача спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі ў Беларусі прадстаўлена 4 чэрвеня ў межах 23-й Сесіі Рады па правах чалавека ААН, якая праходзіць у Жэневе з 27 траўня па 14 чэрвеня.

Нагадаем, што падчас падрыхтоўкі справаздачы спецдакладчык Міклаш Харашці не змог наведаць краіну, паколькі беларускія ўлады адмовіліся ад супрацоўніцтва. Для вывучэння сітуацыі ў Беларусі ён быў вымушаны сустракацца з прадстаўнікамі беларускіх апазіцыйных партый, грамадскіх арганізацый, праваабаронцамі і журналістамі за межамі краіны.  

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства