viasna on patreon

Уладзімір Хільмановіч: Праўда – гэта дыскрэдытацыя?

2013 2013-05-16T10:17:23+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chilmanovic.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Уладзімір Хільмановіч

Праваабаронца Уладзімір Хільмановіч

Зусім нядаўна мяне выклікалі ў гарадзенскае ўпраўленне КГБ. Размова ішла пра маю публіцыстычную дзейнасць, а канкрэтна – якраз пра артыкулы вашага пакорлівага слугі і сціплага рупліўца клавіятуры (раней казалі – пяра) у беластоцкай газеце “Ніва”. Спярша мяне агарнула прафесійная гордасць – значыць нешта вартае пішу, калі маю такіх пільных і уважлівых “чытачоў”. Потым, схамянуўшыся, я прызямліў свой новы сумнеўны гонар – кім жа ім яшчэ займацца, калі на ўвесь трохсоттысячны горад над Нёманам засталося толькі чатыры публіцысты – два беларускія і два польскія, адзін з якіх ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і сядзеў у турме, а іншыя пераследаваліся пакуль у больш мяккіх формах. Гэта раней ў Гародні былі газеты “Пагоня” і “Биржа информации”, незалежнае радыё…

  У “высокім” ведамстве мне сказалі, што многія мае артыкулы могуць падпадаць пад крымінальны артыкул аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Але калі журналіст піша пра тое, што затрыманага і нявіннага чалавека збіваюць міліцыянты ў пастарунку – то гэта дыскрэдытацыя дзяржавы? Дык хто яе дыскрэдытуе? Правядзіце расследаванне па гарачых слядах, зрабіце праверку па такім сігнале. Калі журналіст піша, што ў Гародні кепска ходзіць грамадскі транспарт – то гэта дыскрэдытацыя дзяржавы? То вылезьце з службовых аўто – і дзень-два паездзіце нашымі маршрутнымі аўтобусамі, самы пераканаецеся. Ці калі журналіст піша, што ў школах Гародні не засталося аніводнага паўнавартаснага беларускамоўнага класа – то гэта няпраўда?! І што ў 1995-ым было зусім не так – у палове гарадзенскіх школаў былі беларускамоўныя класы! Ці калі галоўны кіраўнік вобласці публічна (!) заяўляе, што паводле яго асабістага загаду быў звольнены выкладчык універсітэту (!!!), а журналісты пра гэта пішуць – то хто дыскрэдытуе дзяржаву – высокі начальнік ці журналісты?! А тут ужо ня толькі “дыскрэдытацыя дзяржавы”, але і іншы артыкул Крымінальнага кодэксу! То мы жывем паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь, ці паводле старажытнага выслоўя “Quod licet Jovi, поп licet bovi” – “Што дазволена Юпітэру…”? Ці калі журналісты пішуць, як нейкія вандалы ў Дзятлаўскім раёне разбурылі ўнікальны будынак млына на рэчцы Моўчадзь, тым самым пазбавіўшы рэгіён цікавага турыстычнага аб’екту, які мог бы прынесці дзяржаве дзесяткі тысяч даляраў. Дык хто ж дыскрэдытуе РБ – журналіст, які пра гэта піша, ці мясцовы начальнічак, які аддаў такі дзікі загад?!

 Няма сумневу, што з журналістамі цяперашняя сістэма можа хутка “разабрацца” – кожнага “пісьменніка” можна пасадзіць на пару гадоў за краты, выпхнуць з краіны за мяжу альбо “нейтралізаваць” іншымі, больш жорсткімі спосабамі. Досвед такой працы ў іх гістарычны і вельмі вялікі. Толькі што з таго і што пасля? Гарадскія аўтобусы ад гэтага лепш курсаваць не стануць, ровень адукацыі ў мясцовым універсітэце не падвысіцца, замежныя турысты з валютай у краіну не паваляць валам, а грамадзяне не пабагацеюць і ўладу больш любіць ня будуць таксама. І кім урэшце яны будуць займацца пасля? Новыя “дела врачей”, пераслед якіх-небудзь генетыкаў, дырэктараў прадпрыемстваў, ці іншых “вредителей”. Але калі “ворагі народу” скончацца і там, тады непазбежна прыходзіць пара “чысткі” уласных радоў. Па-іншаму не было, не бывае і ня будзе. Для тых, хто кепска памятае гісторыю, нагадаю, што кіраўнікі “ўсемагутных” ведамстваў СССР – Яжоў, Берыя, Вышынскі і многія іншыя скончылі свой жыццёвы шлях вельмі сумна. Не кажучы ўжо пра дзесяткі тысяч шараговых супрацоўнікаў “чэка”, “эмгэбэ”, “энкавэдэ”, якія выбраўшы прафесіяй і працай пераслед іншых, самы сталіся ахвярамі чалавеканенавісніцкай сістэмы.  

 Уладзе трэба зразумець, што нельга бясконца закручваць гайкі на крышцы катла з парай, інакш выбух такога “катла” непазбежны. Уладзе трэба зразумець, што журналісты – гэта не афіцыянты (барані Бог, не хачу тут пакрыўдзіць прадстаўнікоў гэтай патрэбнай людзям прафесіі) з нататнікам і фразай “Чего изволите?”. Журналіст мусіць быць у апазіцыі да кожнай улады, ён мусіць яе крытыкаваць, выяўляць заганы ў грамадстве, уздымаць актуальныя праблемы. Гэта яго пакліканне, гэта яго місія. Ён можа, канешне, недзе памыліцца ці “перагнуць палку” Але крытыкай і праўдай нельга дыскрэдытаваць дзяржаву. Яе дыскрэдытуюць зусім іншым.

“Гарадзенская Вясна”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства