Сяргей Каваленка атрымаў другое за тыдзень папярэджанне
Віцебскага актывіста КХП-БНФ Сяргея Каваленку выклікалі ў інспэкцыю Першамайскага раёну Віцебску, дзе зрабілі яму другое за тыдзень папярэджаньне.
«Гэтае папярэджаньне
тычыцца таго ж эпізоду ад 25 сакавіка, калі мяне абвінавацілі,
што я нібыта ня там перайшоў дарогу. Зараз кажуць, што нібыта яшчэ
і нецэнзурна лаяўся на міліцыянтаў. Адвакат патлумачыў, што гэтых
двух папярэджаньняў ім дастаткова, каб зноў адправіць мяне за краты.
Паспрабую абскардзіць папярэджаньні, але праблема ў тым, што нават копіі
гэтых папер міліцыянты не даюць. Працягваецца прававое бязьмежжа,
як у 2010 годзе, калі мяне гэтаксама пасьля двух папярэджаньняў
з „хатняй хіміі“ адправілі ў рэальную турму», — заявіў Каваленка
Свабодзе.
Былы палітвязень Сяргей Каваленка быў асуджаны на 2 гады і адзін
месяц зьняволеньня пасьля таго, як вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг
на навагодняй ёлцы ў Віцебску. Падчас сьледзтва і суду некалькі
разоў трымаў працяглыя галадоўкі. Быў памілаваны ў верасьні 2012-га пасьля
амаль году зьняволеньня. На два гады Каваленку паставілі на прафіляктычны ўлік.