Брэст: першамайская дэманстрацыя дазволена ўпершыню за апошнія 11 гадоў (фота)
Упершыню ад 2002-га году ў Брэсце адбылася дазволеная ўладамі першамайская дэманстрацыя, якую ладзілі прадстаўнікі дэмакратычных сіл. Арганізатарамі акцыі былі напярэдадні заключаны дамовы з органамі унутраных спраў, установай аховы здароўя і камунальнымі службамі, што з’яўлялася патрабаваннем гарвыканкаму для дазволу мерапрыемства.
Паводле дадзеных арганізатараў, а гэта былі мясцовыя актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), удзел у дэманстрацыі бралі каля 200 чалавек. Акрамя сацыял-дэмакратаў на мерапрыемства прышлі сябры Партыі БНФ, Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду”, прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і нават прыхільнікі камуністычнай партыі савецкіх часоў (КПСС).
Прайшоўшы па ходніках праспекта Машэрава і вуліцы Леніна, на галоўнай плошчы горада дэманстранты падзяліліся: прадстаўнікі камуністычных арганізацыяў накіраваліся да помніка Леніну, а сябры БСДП (Грамада), БНФ і іншых дэмакратычных суполак - да фантану, які знаходзіцца насупраць аблвыканкама. Там з невялікай прамовай выступіў старшыня абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі, які павіншаваў прысутных з Днём працы і міжнароднай салідарнасці працоўных, а пасля заклакаў далучыцца да афіцыйных першамайскіх мерапрыемстваў у гарадскім парку.
Паводле папярэдніх дадзеных, ніякіх інцыдэнтаў і затрыманняў падчас дэманстрацыі не было, а за яе хадой назіралі і суправаджалі удзельнікаў шмат супрацоўнікаў міліцыі у форме і цывільным адзенні.