Святочныя віншаванні палітвязням даслалі з Бялыніцкага раёна (фота)
Святочныя віншаванні з Міжнародным днём працы, а таксама з надыходзячымі святамі - праваслаўным Вялікднём і Днём Перамогі – даслалі беларускім палітвязням грамадкія актывісты з Бялыніцкага раёна.
Удзел у акцыі прынялі мясцовыя актывісты Партыі БНФ і кампаніі “Гавары праўду”. У сваіх паштоўках і лістах са словамі падтрымкі яны віншавалі палітвязняў з надыходзячымі травеньскімі святамі, жадалі ім мужнасці і стойкасці ў нялёгкіх умовах зняволення, а таксама выказвалі надзею на іх хуткае вызваленне.
“Надыходзіць цэлы шэраг святочных дзён – Міжнародны дзень працы, праваслаўны Вялікдзень, Дзень Перамогі – калі людзі на волі святкуюць, радуюцца і адпачываюць, - кажа бялыніцкі жкрналіст Барыс Вырвіч. - Вельмі важна, каб у гэтыя святочныя дні беларускія палітвязні не адчувалі сябе пакінутымі на волю лёсу. Мы накіравалі ім лісты і віншавальныя паштоўкі, каб выказаць сваю салідарнасць і з імі, і тое, што мы заўсёды пра іх памятаем. Падтрымліваць палітвязняў хоць нейкім чынам – гэта наш абавязак. Гэта тым больш актуальна зараз, калі застаецца няшмат спадзяванняў на магчымую лібералізацыю ў грамадскім жыцці ў нашай краіне”.