viasna on patreon

Стэфан Эрыксан прэміраваны за працу ў Беларусі

2013 2013-04-29T16:37:48+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/eryksanjpg.jpg
Стэфан Эрыксан

Стэфан Эрыксан

Былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан быў ганараваны міжнароднай прэміі імя Марка Палмера за сваю дыпламатычную працу ў Менску.

«Мяне радуе гэтае прызнанне працы, якую я рабіў у Беларусі, - заявіў Стэфан Эрыксан. - Я спадзяюся, што гэтая прэмія натхніць калег і далей давяраць сумленню. На жаль, у некаторых краінах глядзяць на працу дыпламата, які становіцца на абарону дэмакратычных каштоўнасцяў і правоў чалавека, як на правакацыю. Але гэта рэальнасць, з якой усе аўтарытарныя рэжымы павінны навучыцца жыць».

Прэмія імя Марка Палмера прысуджаецца Супольніцтвам дэмакратый - міжурадавай кааліцыяй больш чым 100 дзяржаў свету, якая ўтварылася ў 2000 годзе па ініцыятыве польскага палітыка Браніслава Герэмека і былога дзяржсакратара ЗША Мадлен Олбрайт, - за распаўсюджванне дэмакратычных прынцыпаў і ўзмацненне дэмакратычных нормаў і інстытутаў у свеце. Яна носіць імя амерыканскага дыпламата, які быў амбасадарам ЗША ў Венгрыі ў 1986-1990 гадах падчас перыяду палітычнай трансфармацыі ў гэтай краіне.

Нагадаем, 1 жнiўня 2012 года ўлады Беларусі не працягнулі акрэдытацыю амбасадару Стэфану Эрыксану. Шведскага дыпламата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці. Напярэдадні высылкі амбасадара лёгкаматорны грамадзянскі самалёт, які пілатавалі грамадзяне Швецыі, перасёк з боку Літвы паветраную прастору Беларусі і раскідаў над Менскам і Івянцом плюшавых мішак з заклікамі да свабоды прэсы ў краіне.

Стэфан Эрыксан быў амбасадарам Швецыі ў Беларусі з чэрвеня 2008 года па жнівень 2012. Раней, з верасня 2005 года, ён быў кіраўніком менскага аддзялення амбасады Швецыі ў Расеі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства