viasna on patreon

Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Сакавік 2013 года

2013 2013-04-10T09:53:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/agliad08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сакавік адзначыўся актывізацыяй дыпламатычных стасункаў паміж структурамі і краінамі Еўрапейскага Саюза і беларускім афіцыйным бокам, што з’яўлялася важным аспектам для разумення перспектыў развіцця сітуацыі з правамі чалавека, улічваючы моцную залежнасць дадзенай сферы ад знешнепалітычнага фактара.  Нягледзячы на агучаныя заявы еўрачыноўнікаў па выніках кантактаў з беларуcкім бокам, у асноўным прынцыповым пытанні -- вызваленні палітвязняў, пазітыўных зменаў не адбылося. Як станоўчыя крокі беларускіх уладаў можна адзначыць спыненне крымінальнай справы па абвінавачанні ў паклёпе на прэзідэнта супраць журналіста Андрэя Пачобута, а таксама адмова УДФР ад узбуджэння крымінальнай справы супраць рэдакцыі часопіса „Архэ-Пачатак“.  Такім чынам, беларускі бок заняў прамежкавую пазіцыю: не прадпрыняў практычных захадаў па вырашэнні асноўнай праблемы, якая артыкулюецца ЕС як перадумова для ўзнаўлення паўнавартасных стасункаў з афіцыйным Мінскам, але спыніў практыку далейшай канфрантацыі, даўшы зразумець, што гатовы ўстрымацца ад пашырэння спісу палітвязняў.

Найбольш аптымістычныя заявы, датычныя перспектывы вызвалення палітвязняў, былі агучаны дакладчыкам па Беларусі Еўрапейскага парламента Юстасам Палецкісам, які з 18 па 21 сакавіка знаходзіўся ў Мінску з мэтай збору матэрыялаў для свайго дакладу для дэпутатаў ЕП. Ю. Палецкіс па выніках візіту адзначыў, што ўздымаў праблему палітвязняў на ўсіх сустрэчах, найперш з афіцыйнымі беларускімі чыноўнікамі. “І зараз, наколькі я зразумеў, Мінск не з’яўляецца больш закасцянелым і не гатовым вырашаць гэтыя пытанні. На мой погляд, гэта цалкам магчыма. Але калі і як гэта адбудзецца, пакуль вельмі цяжка сказаць”. Каментуючы змест дакладу, Ю.Палецкіс пазначыў ключавую праблему ў адносінах Беларусі з ЕС: “Аб сітуацыі з палітвязнямі абавязкова будзе сказана ў дакладзе у главе аб правах чалавека. Гэта само сабой зразумела - пакуль у Беларусі ёсць палітзняволеныя і ўлада не праяўляе жадання вырашаць гэтыя пытанні, супрацоўніцтва з ЕС будзе ісці з вялікімі перашкодамі і вялікімі стратамі для абодвух бакоў”. Прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства  Андрэй Савіных у сваю чаргу заявіў, што беларускі бок разлічвае, што даклад еўрадэпутата Юстаса Палецкіса дапаможа ў актывізацыі дыялогу паміж Мінскам і Брусэлем “ці, як мінімум, палепшыць паразуменне паміж намі”, удакладніўшы, што “мы зацікаўлены ў развіцці адносін з Еўрасаюзам на раўнапраўнай і празрыстай аснове”.

Што азначаюць агучаныя беларускім МЗС умовы, не было растлумачана, але калі гэта працяг адстойвання пазіцыі прагматычнага дыялогу, то гэта зніжае магчымасць пазітыўных зменаў, паколькі наяўнасць палітвязняў па-ранейшаму заставалася асноўнай перашкодай для наладжвання стасункаў Еўрапейскага Саюза і афіцыйнага Мінска.

Тое, што дадзеная пазіцыя застаецца нязменнай, было пацверджана і амбасадарам Італіі Арнальдам Абеці  падчас сустрэчы з журналістамі 22 сакавіка ў Мінску. “Вызвалення беларускіх палітвязняў чакае не толькі Еўразвяз, але і ўвесь свет”. Пры гэтым ён адзначыў: працягваючы настойваць на вызваленні палітвязняў, ЕС таксама шукае “іншыя каналы для выпраўлення сітуацыі, якая нікому не прыносіць карысці”. Сітуацыя ў адносінах Беларусі і ЕС была абмеркаваная 25 сакавіка падчас сустрэчы намесніка міністра замежных спраў Беларусі Алены Купчыной з кіраўніком прадстаўнітва ЕС у Беларусі Майрай Морай. І хаця беларускі МЗС па выніках сустрэчы паведаміў коратка, што “падчас размовы бакі абмяняліся думкамі аб сітуацыі і перспектывы развіцця адносінаў паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам”, ёсць падставы лічыць, што пытаннне палітвязняў было адным з ключавых у гэтай размове. Сітуацыя з правамі чалавека, а таксама пытанні вызваленні і рэабілітацыі палітвязняў у Беларусі абмяркоўваліся таксама падчас беларуска-літоўскіх кансультацый паміж МЗС 28 сакавіка ў Мінску.

У пачатку сакавіка Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончы цэнтр “Вясна” выказалі глыбокую занепакоенасць не толькі тым, што палітвязні па-ранейшаму знаходзяцца за кратамі, але і абурэнне масавымі і сістэматычнымі актамі ціску і рэпрэсій, якім падвяргаюцца людзі, абмежаваныя ў правах па палітычных прычынах. Так, на сакавік 2013 года ў Беларусі  11 палітычных зняволеных заставаліся ў месцах пазбаўлення ці абмежавання волі (І.Аліневіч, М.Аўтуховіч, А.Бяляцкі, Я.Васьковіч, Д.Дашкевіч, М.Дзядок, Э.Лобаў, А.Пракапенка, П.Севярынец, М.Статкевіч, А.Францкевіч); 2 чалавекі адбывалі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу (Д.Мядзьведзь, С.Барановіч); 8 асобаў адбывалі пакаранне ў выглядзе ўмоўных тэрмінаў ці пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысудаў (С.Вазняк, А.Дзмітрыеў, С.Марцалеў, У.Някляеў, А.Пачобут, В.Рымашэўскі, А.Фядута, І.Халіп); 3 чалавекі заставаліся ў статусе абвінавачаных па крымінальных артыкулах (А.Міхалевіч, А.Сурапін, С.Башарымаў); заставаўся ў следчым ізалятары КДБ А. Гайдукоў, абвінавачанне якога можа быць палітычна матываваным; 3 былых палітвязняў знаходзіліся пад устаноўленым судамі прэвентыўным наглядам (П.Вінаградаў, В.Парфянкоў, У.Яроменак); у адносінах 25 памілаваных ці вызваленых датэрмінова ажыццяўляўся прафілактычны нагляд. FIDH і ПЦ "Вясна" падрыхтавалі адпаведную аналітычную запіску, якая была перададзена Спецыяльнаму дакладчыку па Беларусі пры Савеце па правах чалавека ААН, Еўрапейскаму камісару па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфану Фюле, адпаведным тэматычным інстанцыям ААН, АБСЕ і іншым міжнародным механізмам па абароне правоў чалавека. Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончы цэнтр «Вясна» запатрабавалі ад беларускіх уладаў спыніць ганебную рэпрэсіўную практыку; вызваліць і зняць судзімасць з усіх незаконна асуджаных, а таксама перагледзець справы, у якіх відавочны палітычны складнік, і зняць з раней вызваленых ахвяраў палітычна матываванага пераследу ўсе абмежаванні ў правах.

 Важнейшай падзеяй не толькі для беларускай, але і сусветнай праваабарончай супольнасці стала прыняцце 21 сакавіка Саветам па правах чалавека ААН беспрэцэдэнтнай рэзалюцыі з мэтай пакласці канец фінансаваму ўдушэнню праваабарончых НДА. Гэтая рэзалюцыя стала моцным адказам усё большай тэндэнцыі скарачэння – а часам і крыміналізацыі – дзейнасці праваабаронцаў, што абмяжоўвае іх права на доступ да фінансавання, асабліва, калі яно паходзіць з замежных краін. Рэзалюцыя, пададзеная Нарвегіяй у суаўтарстве з 62 іншымі дзяржавамі, сцвярджае, што “ніякі закон не мусіць крыміналізаваць або пазбаўляць легітымнасці дзейнасць у абарону правоў чалавека з прычыны паходжання фінансавання”. Гэтая рэзалюцыя зацвердзіла і ўмацавала папярэднія высновы праваабарончых механізмаў ААН па прызнанні неадпаведнасці абмежавальных і рэпрэсіўных метадаў і законаў міжнароднаму заканадаўству ў галіне правоў чалавека. Гэта было прадэманстравана нядаўнім рашэннем Працоўнай групы ААН па адвольных затрыманнях (WGAD) у справе Алеся Бяляцкага, якое пацвердзіла , што Беларусь у парушэнне сваіх міжнародных абавязацельстваў умешваецца ў фінансаванне дзейнасці праваабарончых НДА, і заклікала Беларусь неадкладна вызваліць А. Бяляцкага, аршыт якога быў прызнаны адвольным. Усе адпаведныя механізмы ААН павінны зараз абапірацца на гэты тэкст дзеля ўзмацнення абароны праваабаронцаў, якія сталі  мішэнню для заканадаўства і практыкі па абмежаванні іх законнай дзейнасці ў многіх краінах.

Перад прыняццем рэзалюцыі Саветам па правах чалавека ААН Абсерваторыя па абароне правоў праваабаронцаў, сумесная праграма Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), выпусціла ўсебаковае даследаванне па абмежаваннях на доступ праваабаронцаў да фінансавання, якое паказвае, як урады па ўсім свеце ўсё часцей ствараюць перашкоды доступу НДА да фінансавання, у прыватнасці, замежнага. Дзяржавы звяртаюцца да абмежавальных законаў, паклёпніцкіх кампаній і судовага пераследу праваабаронцаў як спосабу падавіць любую крытыку; сярод іх Алжыр, Бангладэш, Бахрэйн, Беларусь, Егіпет, Расія, разам з Азербайджанам, Эфіопіяй, Індыяй і многімі іншымі ўва ўсіх рэгіёнах свету.

 

Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў

1 сакавіка Валянціна Аліневіч, маці палітычнага зняволенага Ігара Аліневіча, паведаміла, што адміністрацыя Наваполацкай калоніі № 10 затрымлівае карэспандэнцыю ад сына. Яна адзначыла, што праблемы з лістамі былі і ранней, і ёй незразумела, чаму так адбываецца, бо перапісваюцца яны з сынам на агульныя і нейтральныя тэмы. У  сярэдзіне сакавіка выйшла кніга Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан», у якой у выглядзе дзённікаў аўтар апавядае пра падзеі ў Беларусі з канца 2010 года, пра сістэму правасуддзя, палітвязняў і анархічны рух, пра свой арышт і зняволенне ў турме КДБ.

6 сакавіка жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірына Халіп, асуджаная на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады за ўдзел у акцыі пратэсту ў Мінску 19 снежня 2010 года, выляцела ў Варшаву. Ірыне Халіп дазволілі часовы выезд з Беларусі, каб наведаць мужа і рэдакцыю «Новой газеты» у Расіі, карэспандэнтам якой яна з’яўляецца. Дазвол быў выдадзены 13 лютага крымінальна-выканаўчай інспекцыяй Партызанскага РУУС Мінска, дзе яна стаіць на ўліку. 3 красавіка І. Халіп вярнулася ў Беларусь.

На пачатку сакавіка Amnesty International падвяла вынікі Марафону па напісанні лістоў Алесю Бяляцкаму, які прайшоў па ўсім свеце. Агулам па ўсім свеце было прынята 104,731 мераў у падтрымку беларускага праваабаронцы, якога арганізацыя прызнала вязнем сумлення. Удзельнікі глабальнай кампаніі выказалі сваю падтрымку зняволенаму кіраўніку ПЦ "Вясна", віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) рознымі спосабамі - напісаннем лістоў салідарнасці, падпісаннем петыцый за вызваленне Алеся Бяляцкага на адрас беларускіх уладаў, а таксама творчымі акцыямі, у тым ліку канцэртамі і светлавымі праекцыямі. 6 сакавіка ў Мінску прэзентацыя кнігі  Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя беларушчынай”, якая складаецца з літаратуразнаўчых эсэ і нарысаў пра беларускіх пісьменнікаў. Аўтар задумваў выпусціць гэтае выданне да свайго 50-годдзя, аднак яно пабачыла свет падчас знаходжання праваабаронцы за кратамі. Частка эсэ напісаны А. Бяляцкім ужо ў знаволенні. 30 сакавіка з кватэры Алеся Бяляцкага судовыя выканаўцы пачалі забіраць рэчы, якія былі раней апісаныя. Жонка палітвязня Наталля Пінчук паведаміла, што напярэдадні з іх кватэры судовы выканаўца забраў тэлевізар, які быў апісаны яшчэ перад судом.

11 сакавіка стала вядома, што следства па справе наваполацкага актывіста, абвінавачанага ў “здрадзе дзяржаве шляхам агентурнай дзейнасці”Андрэя Гайдукова працягнулі яшчэ на месяц  – да 8 красавіка. Пра гэта паведаміла ягоная маці Вольга Гайдукова, дадаўшы, што іякіх іншых падрабязнасцяў гэтай справы яна не ведае. Следства цягнецца ўжо пяты месяц. Адзінае станоўчае, што адбылося па дадзенай справе - да Андрэя Гайдукова пачалі бесперашкодна пускаць адваката.

11 сакавіка палітвязень Аляксандр Францкевіч пасля 20 сутак у ШЫЗА быў пераведзены ў памяшканне крытага тыпу (ПКТ) Івацэвіцкай калоніі №22 да канца тэрміна адбыцця пакарання (павінен выйсці на волю ў верасні 2013 года). Палітвязень таксама да канца тэрміна пазбаўлены перадач і спатканняў, ён можа атрымліваць толькі бандэролі. ПКТ – памяшканне, дзе ўтрымліваюцца 4 чалавекі, прагулка дазволена на працягу гадзіны ў дзень.

13 сакавіка Віялета Пракапенка, маці палітычнага вязня Арцёма Пракапенкі, паведаміла, што кіраўніцтва Магілёўскай калоніі раіла сыну напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але ён адмовіўся. Праз тыдзень, 20 сакавіка, родныя паведамілі, што  Арцёма кінулі ў штрафны ізалятар нібыта за парушэнне рэжыму на 5 сутак і пазбавілі чарговай 30-кілаграмовай перадачы. У знак пратэсту хлопец галадаў, на працягу пяці дзён, праведзеных у штрафным ізалятары, ён не ўжываў турэмную ежу (ён вегетарыянец і з турэмнай ежы есць толькі кашы).

15 сакавіка суд Першамайскага раёна Мінска на 6 месяцаў працягнуў прэвентыўны нагляд у дачыненні да былога палітвязня, актывіста «Маладога Фронта» Уладзіміра Яроменка - да 15 верасня 2013 года. Прэвентыўны нагляд над У. Яроменкам быў устаноўлены  15 сакавіка 2012 года, аднак за гэты час актывіст двойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за нібыта парушэнне грамадскага парадку. Рашэнне вынесла суддзя Ярмоленкава з удзелам пракурора Ермаковай. 20 сакавіка ў судзе Першамайскага раёна Мінска паўторна разглядалася справа Уладзіміра Яроменка, якога 24 студзеня пакаралі 12 суткамі адміністрацыйнага арышту за парушэнне прэвентыўнага нагляду. Не пагадзіўшыся з пастановай суда, У.Яроменак абскардзіў яе ў Мінгарсудзе, які адмяніў дадзенае рашэнне і накіраваў справу на новы разгляд у той жа суд да іншага суддзі. Падчас паўторнага разгляду суддзя Ганна Паскевіч, далучыўшы да ранейшых двух фактаў парушэнняў нагляду яшчэ адзін, прысудзіла яму ў канчатковым варыянце 15 сутак арышту. Паколькі 12 сутак Яроменак адбыў раней, яму заставалася адбыць яшчэ трое сутак адміністрацыйнага арышту. 24 сакавіка У. Яроменак павінен быў выйсці на волю, але з цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў яго забралі супрацоўнікі Першамайскага РУУС і даставілі ў аддзел, дзе пратрымалі да 15 гадзін, каб актывіст не патрапіў на акцыю, прымеркаваную да Дня Волі.

15 сакавіка ўпраўленне Следчага камітэта Беларусі па Гродзенскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да журналіста польскага выдання  «Gazety Wyborczej» Анддрэя Пачобута па абвінавачанні ў паклёпе на прэзідэнта. «У сувязі з тым, што высновы лінгвістычных экспертыз разыходзяцца, а падчас папярэдняга следства не здабыта аб’ектыўных дадзеных, якія пацвярджаюць здзяйсненне Пачобутам злачынства, вынесена пастанова аб спыненні папярэдняга расследавання ў сувязі з недаказанасцю ўдзелу абвінавачанага ў здзяйсненні злачынства». У сувязі з гэтым у адносінах да А. Пачобута была адмененая мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе.

22 сакавіка палітвязня Эдуарда Лобава пазбавілі грошай у калоніі нібыта за парушэнне рэжыму. Маці палітвязня Марына Лобава адзначыла, што яго ўжо каралі падобным чынам нібыта за парушэнне рэжыму, і тэрмін пакарання падыходзіў да канца, але цяпер начальства ўзгадала яму правіны за пачатак гэтага года. Па яе словах, Э. Лобаў на працягу паўгода зможа атрымліваць толькі па 100 тысяч у месяц, менш за дзесяць еўра. М. Лобава паведаміла, што на працягу больш чым паўтары гады Эдуарду не даюць магчымасці залячыць зубы, якому трэба паставіць дзве пломбы. Маці дамовілася з мясцовым стаматолагам, што набудзе добрыя пломбы, кіраўніцтва калоніі спачатку дало дабро на перадачу, але потым адмовілася іх прымаць.

28 сакавіка палітвязня Мікалая Дзядка ў магілёўскай турме наведаў адвакат. У выніку стала вядома, што зняволены адбыў 6 сутак у карцэры. Прычыну змяшчэння ў карцэр адміністрацыя калоніі не назвала, адзначыўшы, што нібыта Мікалай перамяшчаўся ў камеры і парушаў парадак. Паводле адваката, М. Дзядок на здароўе не скардзіцца.

27 сакавіка Сяргею Марцалеву, які адбывае пакаранне ў выглядзе 2 гадоў пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабаваўчым тэрмінам у 2 гады за ўдзел у акцыі 19 снежня 2010 года, было адмоўлена ў выездзе за мяжу для лячэння. С.Марцалева судзілі разам з Ірынай Халіп, якой дазволілі выезд за мяжу для сустрэчы з мужам, і таму ён спадзяваўся, што таксама атрымае дазвол на выезд. Для асуджаных з выпрабаваўчым тэрмінам існуе тры прычыны, па якіх іх могуць выпусціць за мяжу: смерць блізкага сваяка за мяжой, удзел у судовым працэсе ў іншай дзяржаве і выезд па стане здароўя. Да сваёй заявы Марцалеў дадаў медычныя даведкі, аднак у адмове з інспекцыі па выкананні пакаранняў указвалася, што 9-я гарадская паліклініка Мінска не пабачыла неабходнасці ў лячэнні С.Марцалева за мяжой.

 

Смяротнае пакаранне

13 сакавіка, да гадавіны выканання прысудаў у дачыненні да Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, пакараных смерцю па абвінавачанні ў здзяйсненні тэракту ў мінскім метро ў 2011 годзе, адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам маці Уладзіслава Кавалёва і праваабаронцаў. Любоў Кавалёва паведаміла, што нарэшце атрымала адказ на наглядную скаргу з Вярхоўнага суда, якую адвакат падаў яшчэ ў верасні 2012 года. Адказ за подпісам старшыні Вярхоўнага суда адшукаўся ў юрыдычнай кансультацыі № 2 Ленінскага раёна Мінска, у якой працуе адвакат. Высветлілася, што ён быў складзены яшчэ ў лістападзе 2012 года. «Вярхоўны суд у асобе старшыні Сукалы не знайшоў ніякіх парушэнняў норм Крымінальна-працэсуальнага кодэкса. У ім значыцца, што Уладу было дадзена дастаткова часу для абароны», — указана ў адказе. Праваабаронца Раман Кісляк адзначыў, што важна высветліць, якая структура выконвала смяротны прысуд у дачыненні да Канавалава і Кавалёва: гэта можа быць або следчы ізалятар № 1 МУС, дзе звычайна ўтрымліваюцца «смяротнікі», або СІЗА КДБ, у якім знаходзіўся Кавалёў. «Устанаўленне органа, які прывёў у выкананне прысуд, неабходнае, каб разумець, як дзейнічаць далей, ад каго дамагацца адказаў», — сказаў Р.Кісляк. Наступным дзеяннем, паводле яго слоў, стане патрабаванне аб раскрыцці месца пахавання У.Кавалёва. Р. Кісляк таксама заявіў, што праваабаронцы маюць намер дамагацца выключэння з заканадаўства Беларусі нормы, згодна з якой цела пакаранага смерцю не выдаецца сваякам, спасылаючыся на рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН па справе Кавалёва, дзе адзначаецца: утойванне падобнай інфармацыі ад сваякоў пакараных з’яўляецца «бесчалавечным абыходжаннем».


Гвалтоўныя знікненні

16 сакавіка падчас імпрэзы, прысвечавнай памяці зніклых палітыкаў і журналістаў Юрыя Захаранкі, Дзмітрыя Завадскага, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага , а таксама памерлага пры нявысветленых абставінах Генадзя Карпенкі, пачалося публічнае падпісанне петыцыі, складзенай праваабаронцам Гары Паганяйлам у Генпракуратуру, з патрабаваннем расследавання гэтых спраў.

 

Пераслед праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый

4 сакавіка стала вядома, што ў дачыненні да кіраўніка праваабарончай установы “Платформа” Андрэя Бандарэнкі можа быць распачатая крымінальная справа за «паклёп на адрас супрацоўнікаў міліцыі» ў сувязі з абнародаваннем у лютым інфармацыі пра здзекі супрацоўнікаў Лідскага РАУС над Багданам і Іванам Шкурко. Андрэй Бандарэнка даведаўся, што яго шукае міліцыя г. Кіраўск (Магілёўскай вобласці), дзе ён афіцыйна прапісаны. Пры гэтым ніякіх позваў па месцы прапіскі не прыходзіла, супрацоўнікі міліцыі тэлефанавалі бацьку Андрэя і настойліва прасілі перадаць сыну, што яго чакаюць у РАУС. Не дачакаўшыся з’яўлення А. Бандарэнкі, кіраўскія міліцыянеры  накіравалі дакументы назад у Ліду.

14 сакавіка баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша па пошце атрымаў пастанову старшыні Вярхоўнага суда В.А.Сукала, згодна з якой адменена пастанова суддзі Брэсцкага абласнога суда ад 4 кастрычніка 2012г. аб адмове ў разглядзе справы праваабаронцы ў касацыйнным парадку нібыта ў сувязі з прапушчанымі тэрмінамі. Пастанова старшыні ВС прадпісвае накіраваць скаргу Гоўшы ў абласны суд для разгляду іншым суддзёй. Справа датычыць адміністрацыйнага пераследу праваабаронцы яшчэ падчас парламенцкіх выбараў, калі пасля выяўлення фальсіфікацыі пратакола акруговай камісіяй Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акругі № 5, дзе ён быў зарэгіставаны як назіральнік, ён быў абвінавачаны ў брыдкаслоўі і пакараны штрафам у памеры 15 базавых велічынь. С. Гоўша абскардзіў пастанову суда ў Брэсцкім абласным судзе, адначасова звярнуўшыся з заяваю аб вызваленні ад аплаты дзяржпошліны. Суд заяву аб вызваленні ад дзяржпошліны разглядаць не стаў, а проста вярнуў праваабаронцу ўсе матэрыялы і адмовіў у разглядзе справы ў сувязі з няўплатай дзяржпошліны, а пазней – у сувязі з пропускам вызначаных законам тэрмінаў абскарджання. Брэсцкі абласны суд адмовіўся разглядаць справу па сутнасці і не задаволіў хадайніцтва Сяргея Гоўшы аб узнаўленні тэрміну на абскарджванне. 17 сакавіка Сяргей Гоўша атрымаў позву з Брэскага абласнога суда з паведамленнем, што разгляд справы прызначаны на 21 сакавіка. У задавальненні касацыйнай скаргі суд адмовіў.

21 сакавіка жонка гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі атрымала афіцыйны запыт з Інспекцыі па падатках і зборах па Савецкаму раёну Гомеля з пытаннем, ці пазычала яна грошы свайму мужу? Ужо некалькі месяцаў падатковая праводзіць розныя праверкі ў дачыненні да праваабаронцы і яго сям'і, і нават сына, які служыць у войску. У інспекцыю быў дасланы адказ, што калі людзі жывуць у шлюбе, сумесна пражываюць у адной кватэры, вядуць агульную гаспадарку, ніхто нікому грошы не пазычае. Адносна сына праваабаронцы была прад'яўлена прэтэнзія ў перавышэнні выдаткаў над прыбыткамі, залічаны ў выдаткі квіткі ў Польшчу, дзе ён вучыўся. У адказе ў падатковую наконт выдаткаў сына Леанід Судаленка адзначыў, што прадставіць неабходныя дакументы зараз немагчыма, таму што сын зрабіць гэта не ў стане па той прычыне, што ён у войску. Ён нагадаў падатковай, што ў перыяд часу, за які інспектары патрабуюць справаздачу, сын не з'яўляўся падатковым рэзідэнтам РБ.

25 сакавіка журналіст-праваабаронца Тамара Шчапёткіна з Бярозы ў гонар Дня Волі вывесіла на сваім балконе нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, які прыцягнуў увагу супрацоўнікаў міліцыі. Участковы існпектар Сяргей Несцяровічам прыйшоў дадому да Т. Шчапёткінай і запатрабаваў зняць сцяг, папярэдзіўшы, што не выключана, што яна атрымае павестку ў міліцыю.

27 сакавіка гарадзенскія праваабаронцы Віктар Сазонаў, Раман Юргель і Уладзімір Хільмановіч атрымалі адказ на сваю скаргу ад старшыні Гарадзенскага абласнога суда. Праваабаронцы аспрэчвалі рашэнне Ленінскага раённага суда Гродна, які аштрафаваў іх на 15 базавых велічынь кожнага за фотаздымак у інтэрнэце ў знак салідарнасці з Алесем Бяляцкім, і пастанову Гродненскага абласнога суда па выніках разгляду касацыйнай скаргі. Старшыня абласнога суда Аляксандр Грынкевіч заняў пазіцыю свайго ведамства, пацвердзіўшы, што фатаграфаванне праваабаронцаў у Міжнародны дзень правоў чалавека і размяшчэнне фотаздымка ў інтэрнэце было несанкцыянаванай публічнай акцыяй, якая падлягала адміністрацыйнаму пакаранню.

 

Прымяненне катаванняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання

5 сакавіка ў дачыненні да пяці супрацоўнікаў Лідскага РУУС узбуджана крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, учыненага асобай, якая займае адказнае становішча, альбо якая пацягнула цяжкія наступствы, а таксама наўмыснае здзяйсненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, спалучанае з гвалтам, пакутай ці абразай пацярпелага альбо ужываннем зброі або спецыяльных сродкаў). Пастанова аб завядзенні крымінальнай справы была вынесена начальнікам Лідскага раённага аддзела Следчага камітэта Аляксандрам Урбановічам. Справа ўзбуджана ў сувязі з агучваннем праваабарончай установай «Платформы» інфармацыі аб супрацпраўных дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі ў дачыненні да жыхароў Ліды Івана і Багдана Шкурко. Інцыдэнт адбыўся 18 лістапада 2012 года, інфармацыя пра яго з’явілася на сайце «Платформы» 19 лютага.

17 сакавіка ў Дзяржынску адбыўся інцыдэнт, пра які прэсавая служба Ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкаму заявіла, што два хуліганы жорстка збілі супрацоўнікаў патрульнай-паставой службы міліцыі. Як вынікала з паведамленняў, двое маладых людзей, Сяргей Хачатуран і Віталь Ганчар, позна ўвечары пачалі чапляцца да супрацоўнікаў ППСМ, якія неслі сваю вахту на вуліцах Дзяржынска. У адказ міліцыянты ўжылі спецсродкі і даставілі хлопцаў у РАУС. Праваабаронцы з “Платформы” знайшлі сведку Андрэя Калацея, які распавёў пра адрозны ад афіцыйнага сцэнар развіцця падзеяў. А. Калацея супрацоўнікі РАУС затрымалі ў той вечар на вуліцы. Калі С. Хачатурана і В. Ганчара затрымлівалі і загружалі ў міліцэйскую машыну, ён сам ужо там быў. Андрэй стаў сведкам збіцця Сяргея Хачатурана ў пастарунку. Знайшліся і іншыя сведкі, якія ў той вечар быў разам з хлопцамі. Начальнік Дзяржынскага РАУС Святаслаў Дарашэвіч заявіў , што ніхто з удзельнікаў інцыдэнту ў Дзяржынску не шпіталізаваны — ні Сяргей Хачатуран, ні Віталь Ганчар, па гэтым факце расследаванне праводзіць Следчы камітэт, а ў дачыненні да гэтых грамадзян заведзена крымінальная справа за супраціў супрацоўнікам міліцыі. Аднак праваабаронцам стала вядома, што пасля затрымання Сяргей Хачатуран трапіў у шпіталь з дыягназам «страсенне мозгу», такі ж дыягназ медыкі паставілі і Віталю Ганчару, які ў выніку ўдараў дубінкамі па галаве некалькі разоў траціў прытомнасць.

 

Актывізацыя ціску спецслужб на грамадска і палітычна актыўных грамадзян

 27 сакавіка прыкладна ў 10-30 каля будынку Клімавіцкага райвыканкама актывіста "Гавары праўду" Аляксандра Балобіна затрымалі двое невядомых, якія назваліся супрацоўнікамі КДБ. Аляксандра Балобіна пасадзілі ў машыну і адвезлі ў іншы горад - у Крычаўскі міжрайаддзел КДБ, дзе на працягу трох гадзін праводзілі “гутарку”. Там яго завялі ў кабінет да начальніка Крычаўскага міжрайаддзела КДБ Іллі Краўцова, які абвінавачваў актывіста ў парушэнні артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса - у дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, паказаў шмат матэрыялаў, фотаздымкаў, якія быццам бы пацвярджаюць гэта. І.Краўцоў прапаноўваў актывісту супрацоўнічаць,” кансультаваць супрацоўнікаў КДБ” па пэўных пытаннях, ад чаго ён адмовіўся. А.Балобіна папярэдзілі, што інфармацыя пра “сустрэчу з супрацоўнікамі КДБ не павінна нікуды патрапіць”, бо ў яго будуць вялікія праблемы, “забяруць аператыўныя машыны і болей дамоў ён не з’явіцца”. Быў складзены пратакол апытання. Пасля “гутаркі” у КДБ Аляксандра Балобіна адпусцілі, адмовіўшыся везці дадому. Аляксандр быў вымушаны дабірацца з Крычава ў вёску Паўлавічы Клімавіцкага раёна за ўласны кошт. Аляксандра Балобіна, якому 23 гады, спрабуюць забраць у войска, хаця папярэдне медыцынская камісія ў розныя гады  два разы прызнавала яго не падлягаючым да прызыву ў сувязі з захворваннем скуры. На 28 сакавіка грамадскага актывіста выклікалі на чарговую медыцынскую камісію. 

 

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

2 сакавіка гарадзенскія сябры БХД імкнуліся правесці пікет  у падтрымку малога памежнага руху з краінамі-суседкамі. Заяўніца пікету пенсіянерка Галіна Котава памылкова зразумела, што пікет дазволілі правесці ў Румлёўскім парку. Калі акцыю збіраліся пачаць, з’явіліся людзі ў цывільным, якія пачалі здымаць прысутных на відэа. Гэтыя людзі не папярэдзілі афіцыйна, што пікет усё ж недазволены. Калі гэта высветлілася, сябры БХД адразу разышліся, па-сутнасці пікет так і не пачаўся. Аднак, пазней на заяўніцу пікету Галіну Котаву быў складзены пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне. 18 сакавіка Суддзя Кастрычніцкага раённага суда Гродна Зінаіда Барцэвіч асудзіла Галіну Котаву да штрафу ў 25 базавых велічынь.

5 сакавіка суддзя Мінскага гарадскога суда Аляксей Бычко пакінуў у сіле рашэнне суддзі суда Фрунзенскага раёна Мінска Людмілы Лапо, якая 21 лютага пакарала скульптара Генадзя Лойку адміністрацыйным арыштам на 5 сутак за акцыю ў падтрымку роднай мовы. Мастак назваў судовы працэс па яго справе “палітычным” і падкрэсліў, што будзе працягваць змагацца супраць дыскрымінацыйнай русіфікацыі айчыннай сістэмы народнай адукацыі і абуральных дзеянняў суддзяў, якія адмовіліся весці судовыя працэсы на дзяржаўнай беларускай мове.

5 сакавіка слуцкі актывіст Віталь Амяльковіч атрымаў пастанову аб спыненні адміністрацыйнай справы ў адносінах да яго, якую 28 лютага вынесла адміністрацыйная камісія пры Слуцкім райвыканкаме. Актывіста абвінавачвалі ў расклейванні налепак на слупе каля крамы. Двойчы камісія прызнавала Амяльковіча вінаватым у парушэнні правілаў добраўпарадкавання населеных пунктаў, зацверджаных рашэннем Слуцкага райвыканкама. Рашэннем камісіі актывіста аштрафавалі на мільён рублёў. Не згодны з вердыктам Віталь Амяльковіч абскардзіў пастанову ў судзе Слуцкага раёна. Адміністрацыйны працэс спынены ў сувязі з недаказанасцю віны. Такім чынам, на тое, каб даказаць сваю невінаватасць, Віталю Амяльковічу спатрэбілася сем месяцаў.

8 сакавіка актывістка “Еўрапейскай Беларусі” Валянціна Цюрава была затрымана на Камароўскім рынку Мінска. Яна праводзіла адзіночны пікет каля рынку, трымаючы плакат “Дзе маё свята? Дзе мая свабода”. Гэтай акцыяй яна спрабавала прыцягнуць увагу мінакоў да праблем, з якімі сутыкаюцца жанчыны ў Беларусі. Суд над Валянцінай Цюравай прайшоў 11 сакавіка. Суддзя Савецкага раёна Мінска Дзмітрый Паўлючэнка прызнаў актывістку вінаватай у правядзенні несанкцыянаванага пікета і прысудзіў трое сутак арышту. Паколькі менавіта столькі правяла дзяўчына ў чаканні суда ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, яна была вызваленая адразу пасля паседжання.

12 сакавіка ў Гродна супрацоўнікі міліцыі затрымалі сябра БХД Сяргея Верамеенку, які  накіроўваўся з торбай улётак у партыйны офіс. На ўваходзе яго спынілі двое асоб у цывільным, якія прадставіліся супрацоўнікамі міліцыі. С.Верамеенку затрымалі на вачах ягоных аднапартыйцаў і павезлі ў пастарунак. У торбе затрыманага былі ўлёткі ў падтрымку палітвязняў. Сябры БХД збіраліся распаўсюджваць іх у рамках кампаніі салідарнасці “Напішы палітвязню ліст”.

18 сакавіка ў Брэсце падчас акцыі «Хваля салідарнасці», арганізаванай аргкамітэтам па стварэнні партыі БХД, былі затрыманы тры сябры партыі: Улад Бароўскі, Яўген Хазіахметаў і Андрэй Шарэнда. Іх затрымалі пры вывешванні нацыянальных бел-чырвона-белых сцягоў. 22 сакавіка суд Маскоўскага раёна Брэста аштрафаваў А.Шарэнду на  25 базавых велічынь, Я. Хазіяхметава -- на 10 базавых велічынь. Пратакол 17-гадовага Бароўскага накіраваны на разгляд камісіі па справах непаўналетніх адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста.

23 сакавіка раніцай у Талачыне на аўтобусным прыпынку міліцыя затрымала актывіста кампаніі "Наш Дом" Рамана Забелу. Затрыманне праводзіў супрацоўнік крымінальнага вышуку маёр міліцыі Карота. Падставы для затрымання - Раман Забела нібыта падобны на чалавека, які падазраецца ў здзяйсненні злачынства. Не выключана, што затрыманне з'яўлялася прэвентыўным напярэдадні святкавання 95-годдзя БНР з мэтай не дапусціць яго ўдзелу ў афіцыйна дазволеным масавым мерапрыемстве ў Мінску.

24 сакавіка пасля заканчэння дазволенага ўладамі шэсця і мітынгу да Дня Волі ў Мінску супрацоўнікі міліцыі затрымалі лідэра “Маладых дэмакратаў”Дзмітрыя Кавалгіна і актывіста АГП Станіслава Рамановіча. Падчас затрымання адзін з супрацоўнікаў міліцыі нанёс Кавалгіну некалькі ўдараў па галаве. Абодва актывісты былі абшуканыя, у іх канфіскавалі вялікі бел-чырвона-белы сцяг, які  неслі ў галаве калоны і 2 меншыя сцягі, пасля чаго яны былі вызвалены. У РУУС Савецкага раёна Мінска было дастаўлена 9 затрыманых удзельнікаў акцыі, сярод іх - трое грамадзян Украіны. На ўсіх затрыманых склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні  --  «непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі». Усе затрыманыя да суда заставаліся за кратамі. 25 сакавіка суддзя суда Савецкага раёна Мінска Дзмітрый Паўлючэнка вынес папярэджанне непаўналетняму грамадзяніну Украіны Назару Зеліноўскаму, дзве грамадзянкі Украіны Юлія Грышчук і Юлія Слівінская атрымалі пакаранне ў выглядзе 1 сутак адміністрацыйнага арышту. Актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандра Кавалёва  асудзілі да штрафу ў 40 базавых велічынь, Антона Цімохава пакаралі штрафам ў памеры 25 базавых велічынь, да пяці сутак арышту быў асуджаны Віталь Станішэўскі. Сяргею Мокічу далі штраф памерам 35 базавых велічынь, Алег Асташонак пакараны штрафам у памеры 40 базавых велічынь, актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Алег Рагоўскі атрымаў пакаранне ў выглядзе штрафу ў 30 базавых велічынь.

25 сакавіка ў Віцебску прайшоў судовы працэс над актывістамі Партыі БНФ Кастусём Смолікавым і Леанідам Аўтуховым, якія былі затрыманы 22 сакавіка ў гандлёвым цэнтры "Эвіком" падчас раздачы самвыдатаўскага бюлетэня "Магістрат" з інфармацыяй пра запланаваную акцыю на Дзень Волі. Рашэнне суддзя суда Кастрычніцкага раёна Віцебска Іна Грабоўская выносіла ўжо пасля сканчэння працоўнага дня, каля 21 гадзін вечара: яна пастанавіла пакараць абодвух актывістаў 5 суткамі арышту па абвінавачанні ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Па дарозе на працэс былі затрыманы  прыхільнікі стварэння партыі БХД  Алена Шабуня і каардынатарка аргкамітэту  Тацяна Севярынец. Яны ехалі ў машыне Аляксандра Кузняцова, кіраўніка гарадской суполкі Партыі БНФ. Машыну затрымалі супрацоўнікі ДАІ і аштрафавалі кіроўцу на 300 тысяч рублёў нібыта за парушэнне правілаў руху. Але пасажырак не адпусцілі таксама, прымусіўшы чакаць каля дзвюх гадзін. Яшчэ двух актывістаў, Станіслава Лаўрэнава і Аляксея Кішчука, затрымалі таксма па дарозе ў суд: міліцыянты заявілі, што "яны падобны да злодзеяў, якія  скралі бутэльку гарэлкі". Кішчук і Лаўрэнаў трапілі ў Кастрычніцкі райсуд якраз да сканчэння працэсу.

25 сакавіка ў Віцебску каля 20.30 быў затрыманы былы палітвязень Сяргей Каваленка па абвінавачанні ў тым, што ён нібыта пераходзіў вуліцу не па пешаходным пераходзе. Ноч С. Каваленка правёў у ізалятары часовага ўтрымання. На яго склалі два пратаколы аб адміністрацыйным парушэнні – за пераход вуліцы ў неналежным месцы і дробнае хуліганства. 26 сакавіка суддзя Першамайскага райсуда Н.Карабліна задаволіла хадайніцтва Каваленкі наконт удзелу ў працэсе адваката і пастанавіла вызваліць яго з-пад варты, выпісаўшы позву на наступнае судовае паседжанне. 29 сакавіка суддзя Валянціна Кісмярошкіна аштрафавала Сяргея Каваленку на 10 базавых велічынь, прызнаўшы вінаватым у дробным хуліганстве.

27 сакавіка, калі беларускі ЛГБТ-актывіст Сяргей Андросенка вяртаўся з Вільні, на станцыі Гудагай яго высадзілі з цягніка Вільнюс - Мінск. Спачатку 2 мытнікі і асоба ў цывільным ажыццявілі мытны дагляд рэчаў актывіста. Яго рэчы, заплечнік, ноўтбук, нават часопіс «Sexus», які выдаецца «Белгазетай», былі падвергнуліся ўважліваму агляду. Праз гадзіну ад начальніка Ашмянскай мытні Нівяркевіча прыйшло ўказанне на асабісты мытны дагляд. Пасля мытнага кантролю актывісту выдалі копіі актаў і пашпарт і адпусцілі, але на выхадзе з залы мытнага надгляду актывіста сустрэў іншы супрацоўнік мытні і папрасіў прайсці з ім у іншы будынак для вырашэння “тэхнічнага пытання”. У выніку Сяргея Андросенкі зноў забралі пашпарт, паведаміўшы, што ён нібыта лічыцца ў базе дадзеных несапраўдных дакументаў.

29 сакавіка ў Навабеліцкім судзе Гомеля адбыўся разгляд пратаколаў, складзеных міліцыяй у дачыненні намесніка АГП Васіля Палякова і грамадзянскага актывіста Уладзіміра Шыцікава. Раніцай 29 сакавіка яны былі выкліканы па позве ў Навабеліцкі РАУС. Там міліцыянеры пад кіраўніцтвам начальніка аддзелу аховы правапарадку Генадзя Хількевіча склалі пратакол за парушэнне артыкулу 23.34 КаАП (несанкцыянаваны мітынг) і тут жа адвялі Палякова і Шыцікава ў суд. Суд доўжыўся 15 хвілін, апазіцыянераў прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу і пакаралі кожнага штрафам у памеры 20 базавых велічынь. Несанкцыянаваным мітынгам міліцыя прызнала ўскладанне кветак на вуліцы Дзмітрава Гомеля, дзе раней жыла дзеяч БНР Палута Бадунова. Такую акцыю штогод 25 сакавіка да Дня Волі праводзяць гомельскія апазіцыянеры, каб ушанаваць памяць вядомай зямлячкі.

 

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў

7 сакавіка ў краму да бялыніцкага прадпрымальніка і сябра Партыі БНФ Мікалая Мяцеліцы завітаў супрацоўнік Бялыніцкага РАУС, якога цікавіла распаўсюджваемая ў краме незалежная прэса. Ён настойліва парэкамендаваў Мікалаю Мяцеліцу спыніць распаўсюд у сваёй краме маланакладных дэмакратычных газет, у адваротным выпадку ў яго “могуць з’явіцца праблемы ў бізнэсе”. Мікалай адрэагаваў абсалютна спакойна, сказаў, што ніякіх беларускіх законаў не парушае, маланакладныя газеты “Рэгіён”, “Паходня” і “Магілёўскі выбар” выдадзены ў адпаведнасці з Законам аб СМІ і любы жадаючы можа ўзяць іх у краме без усялякіх абмежаванняў.

14 сакавіка часопіс "Arche" атрымаў трэцюю адмову ў рэгістрацыі. Па словах выконваючага абавязкі галоўнага рэдактара Алеся Пашкевіча, нагода для адмовы чыноўнікаў з Мінінфармацыі на гэты раз -- не быў ўказаны нейкі нумар тэлефона. 22 сакавіка стала вядома, што ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па выніках праверкі рэдакцыі часопіса « Arche» адмоўлена. Пра гэта даведаўся адвакат, пасля таго як звярнуўся ў Камітэт дзяржаўнага кантролю ў сувязі са сканчэннем чарговага тэрміну праверкі дзейнасці часопіса. 25 сакавіка Дэпартамент фінансавых расследаванняў разблакаваў банкаўскі рахунак рэдакцыі, аднак у ДФР не далі пісьмовага пацвярджэння аб незавядзенні крымінальнай справы.

11 сакавіка на былога дэпутата Бялыніцкага райсавета, жыхара вёскі Лебедзянка Валерыя Вусіка, участковы інспектар Сяргей Карыткін склаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні (дробнае хуліганства), якое быццам бы той здзейсніў падчас наведвання са здымачнай групай тэлеканала “Белсат” фермы мясцовай гаспадаркі СВК “Лебедзянка” 28 лютага 2013 года. Тады на жывёлагадоўчы аб’ект прыбыў намеснік старшыні кааператыва, які абвінаваціў журналістаў у “прамысловым шпіянажы” і запатрабаваў ад іх тэрмінова пакінуць аб’ект, пагражаючы выклікаць супрацоўнікаў Бялыніцкай міліцыі. 22 сакавіка ўчастковы інспектар Сяргей Карыткін наведаўся да незалежнага бялыніцкага журналіста Барыса Вырвіча. Ён хацеў даведацца, як выдаецца і распаўсюджваецца незалежная дэмакратычная газета “Магілёўскі Выбар”. Па словах Сяргея Карыткіна, гэта неабходна для аб’ектыўнага разгляду пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні, складзенага на былога дэпутата Бялыніцкага райсавета Валерыя Вусіка. Участковага інспектара цікавіла таксама тое, ці з’яўляецца Валерый Вусік сябрам Партыі БНФ. Пасля супрацоўнік праваахоўных органаў пачаў апытваць пра тое, якім чынам і на якой падставе выдаецца газета “Магілёўскі Выбар”, дзе знаходзіцца яе рэдакцыя і г. д. 29 сакавіка суд Бялыніцкага раёна пакараў Валерыя Вусіка штрафам у памеры 50 базавых нібыта за паклёп у адрас старшыні СВК “Лебедзянка” Пятра Бялова і за распаўсюд незалежнай газеты “Магілёўскі Выбар”.

15 сакавіка ў раённай бібліятэцы Зэльвы планавалася прэзентацыя кнігі Сяргея Чыгрына “Краязнаўчымі сцежкамі Зэльвеншчыны”. 13 сакавіка Сяргею Чыгрыну патэлефанавала дырэктар Зэльвенскай раённай бібліятэчнай сістэмы Святлана Жамойціна і сказала, што “прэзентацыі кнігі не будзе з-за таго, што ў кнізе шмат напісана пра Ларысу і Янку Геніюшаў, пра прэзідэнта БНР Васіля Захарку, пра тое, як са званіцы Сынковіцкай царквы вылівалі званы для Хатыні і пра іншыя звесткі, за якія іх сённяшняя ўлада па галоўцы не пагладзіць і такія факты супярэчаць сённяшняму жыццю”.

18 сакавіка з усіх работнікаў Слонімскай раённай бальніцы,  раённай і гарадской паліклінік пачалі збіраць па 4 тысячы рублёў на падпіску раённай газеты “Слонімскі веснік” на другі квартал. Летась таксама ўсіх прымушалі выпісваць раёнку. Асабіста галоўны ўрач Слонімскай бальніцы Юрый Пяцельскі загадваў усім загадчыкам аддзяленняў бальніцы выпісваць газету. Такі самы вусны загад ад галоўнага ўрача паступіў і зараз. Тым часам на незалежную “Газету Слонімскую” падпісацца немагчыма, бо яна па-ранейшаму не ўключана ў рэспубліканскі падпісны каталог “Белпошты”.

19 сакавіка карэспандэнт "Радыё Свабода" Міхаіл Карневіч не быў дапушчаны на будаўнічую пляцоўку Астравецкай АЭС нібыта з-за адсутнасці неабходнай паперы з Міністэрства энэргетыкі. Перад гэтым, каб зрабіць рэпартаж пра будоўлю Астравецкай АЭС, Міхаіл Карневіч падаў у Дырэкцыю будаўніцтва АЭС усе дакументы, якія там ад яго запатрабавалі. Дазвол атрымаў, але калі прыехаў у Астравец, яму заявілі, што будаўнічую пляцоўку ён наведаць не можа.

24 сакавіка падчас святкавання Дня Волі была затрымана ў падземным пераходзе каля Акадэміі Навук відэааператар газеты “Наша Ніва” Таццяна Гаўрыльчык падчас здымкаў супрацоўнікаў міліцыі, якім гэта не спадабалася. Міліцыянты забралі ў яе рэдакцыйнае пасведчанне і адвялі ў апорны пункт на станцыі метро. Пасля некалькіх гадзін Таццяну Гаўрыльчык выпусцілі з міліцэйскага апорнага пункта.

26 сакавіка тэлеканалу “Белсат” чарговы раз адмовілі ў акрэдытацыі. У сваім рашэнні МЗС Беларусі спаслалася на тое, што беларускія журналісты ўжо неаднаразова парушалі заканадаўства, калі супрацоўнічалі з тэлеканалам. Рашэнне аб адмове ў акрэдытацыі перадалі афіцыйнаму прадстаўніку канала ў Беларусі Міхаілу Янчуку.

 

Абмежаванне свабоды сходаў

7 сакавіка старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў падаў заяўку ў Чыгуначную раённую адміністрацыю Віцебска, каб 25 сакавіка правесці мітынг на віцебскім стадыёне «Лакаматыў». Старшыня абласной структуры руху "За Свабоду" Хрыстафор Жаляпаў прапанаваў арганізаваць мітынг таксама 25 сакавіка, але ў Парку імя 30-годдзя ВЛКСМ. Абодва месцы – гарадскія паркі – вызначаныя мясцовымі адміністрацыямі для правядзення масавых акцый. Аднак яшчэ адна ўмова, каб атрымаць дазвол, - гэта наяўнасць дамоўленасцяў з цэнтральнай гарадской паліклінікай, абласной управай МУС і службамі ЖКГ на абслугоўванне мерапрыемства. Аднак згаданыя вышэй структуры па розных прычынах адмовіліся заключыць дамовы з прадстаўнікамі апазіцыі. Медыкі спаслаліся на тое, што ўсе брыгады "хуткай дапамогі" занятыя ў сувязі з пікам сезонных захворванняў. А з міліцыі прыйшоў адказ, што дамова будзе заключана толькі ў тым выпадку, калі мерапрыемства дазволіць раённая адміністрацыя.

7 сакавіка адмову ў правядзенні вулічнага шэсця ў гонар 150-х угодкаў паўстання  К.Каліноўскага атрымаў сябра КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў. Шэсце актывіст планаваў на 10 сакавіка, і звярнуўся па дазвол у гарвыканкам, бо меркаваны маршрут пралягае па тэрыторыі ўсіх трох раёнаў горада. Пісьмовая адмова ўладаў датаваная 4-м сакавіка, але на паштовым штэмпелі – іншая дата, 6.03.2013, хаця пра сваё рашэнне ўлады мусяць апавясціць заяўніка не пазней як за 5 дзён да замоўленай акцыі. З медыкамі і міліцыянтамі заключыць дамовы так і не ўдалося. Галоўны ўрач  Віцебскай гарадской цэнтральнай паліклінікі С.Цітовіч адмовіў актывісту, спаслаўшыся на сезонны ўздым захворванняў і  вялікую нагрузку на "хуткую дапамогу". А намеснік начальніка міліцыі грамадзкай бяспекі УУС Віцаблвыканкаму І.Скарыновіч заявіў, што маршрут вулічнага шэсця, на ягоную думку, не адпавядае закону «Аб масавых мерапрыемствах», і адмовіў ў заключэнні дамовы на гэтай падставе.

14 сакавіка клімавіцкія актывісты “Гавары праўду” атрымалі адмову з мясцовага райвыканкама на сваю заяву аб правядзенне пікета 25 сакавіка, прымеркаванага да Дня Волі. Падставай для адмовы паслужыла тое, што, па меркаванні чыноўнікаў, “заява не можа быць разгледжана, бо не адпавядае артыкулу 5 Закона аб масавых мерапрыемствах ад  30 снежня 1997 года”.

19 сакавіка слонімскія актывісты атрымалі адмову з райвыканкама на заяўку аб правядзення 23 сакавіка ў гарадскім парку мітынгу, прысвечанага Дню Волі. Намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Шых спаслаўся на тое, што заяўнікі нібыта не ўказалі, у якім гарадскім парку будзе праводзіцца мітынг, бо ў Слоніме, па словах чыноўніка, два паркі: па вуліцы Опернай у цэнтры горада і на Паркавай вуліцы (мікрараён “Альбярцін”). Такі адказ вельмі здзівіў заяўнікаў, бо ў Слоніме няма аніводнага парка: ёсць набяражная канала Агінскага на Опернай вуліцы і сквер каля палаца Пуслоўскіх у Альбярціне. Тым не менш, у правядзенні мітынгу адмоўлена.

20 сакавіка грамадскі актывіст Віктар Сырыца атрымаў адмову на правядзенне пікета 25 сакавіка, прысвечанага 95-м угодкам абвяшчэння БНР за подпісам намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дз. Касцюкевіча. Заяўнік заключыў дамовы з гарпаліклінікай, ЖКГ, але супрацоўнік Баранавіцкага ГАУС маёр Павел Кульгавік адмовіўся заключыць з ім дамову аб ахове грамадскага парадку, як гэта патрабуе закон і рашэнне гарвыканкама. Двойчы В.Сырыца  асабіста хадзіў у гарадскую міліцыю, трэці -- размаўляў з ім па тэлефоне, але безвынікова. У выніку акцыя да Дня Волі была забаронена гарвыканкамам.

21 сакавіка салігорскі раённы выканаўчы камітэт забараніў правядзенне 24 сакавіка пікета, прымеркаванага да 95-х угодкаў з Дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі . Заяўнікам мерапрыемства выступаў мясцовы грамадскі актывіст Уладзімір Шыла. Пікет меркавалася правесці на стадыёне “Будаўнік”, адзіным афіцыйна дазволеным уладамі месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў.  Прычынай забароны мерапрыемства выконваючы абавязкі старшыні Салігорскага райвыканкаму Валерый Шамрук назваў неадпаведнасць нормам Закона “Аб масавых мерапрыемствах” заяўленых арганізатарам мераў па забеспячэнню грамадскага парадку і бяспекі.

22 сакавіка каардынатар грамадзянскай ініцыятывы "Хопіць піць – трэба жыць" Зміцер Карашкоў падаў скаргу ў суд Цэнтральнага раёна Гомеля на адмову гарвыканкама ў правядзенні пікету «Супраць алкагалізацыі насельніцтва». Прычына адмовы – тая ж, што і ўсім заяўнікам пікетаў і мітынгаў на працягу апошніх чатырох гадоў: заяўнік не выканаў абавязкаў па заключэнні дамоваў з міліцыяй, хуткай дапамогай і камунальнымі службамі. У заяве ў суд актывіст просіць прызнаць рашэнне гарвыканкаму «Аб масавых мерапрыемствах» неправамоцным, і адмяніць яго пункты, якія абмяжоўваюць законныя правы грамадзян, а таксама прызнаць рашэнне выканкаму аб забароне пікету незаконным.

27 сакавіка былая старшыня Гомельскага гарвыканкама Святлана Гальдадзе падала скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН на забарону ёй сумесна з мясцовымі праваабаронцамі Анатолем Паплаўным і Леанідам Судаленка правесці ў абласным цэнтры 4 жніўня 2012 года пікет у падтрымку зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Раённы суд, дзе абскарджвалася забарона, стаў на бок гарвыканкама, а абласны суд зацвердзіў рашэнне раённага. Таксама і Вярхоўны суд, дзе абскарджвалася рашэнне, не задаволіў скаргу. Такім чынам, унутраныя сродкі прававой абароны былі вычарпаны. Святлана Гальдадзе просіць Камітэт устанавіць факт парушэння яе і праваабаронцаў правоў на свабоду правядзення мірных сходаў і свабоду выказвання меркавання з боку дзяржавы і рэкамендаваць беларускаму ўраду прывесці закон "Аб масавых мерапрыемствах", а таксама рашэнне мясцовай улады аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у адпаведнасць з міжнароднымі абавязацельствамі.

 

Абмежаванне свабоды асацыяцый

26 сакавіка ў Вярхоўным судзе адбыліся папярэднія слуханні па справе адмовы ў рэгістрацыі Міністэрствам юстыцыі ГА "Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты". Само судовае паседжанне прызначана на 9 красавіка. Мінюст адмовіў у рэгістрацыі арганізацыі па трох пунктах. Па-першае, у міністэрстве лічаць, што спіс заснавальнікаў арганізацыі можа не адпавядаць рэчаіснасці, бо названы несапраўдныя месцы працы заснавальнікаў. Па-другое, Мінюст указвае на тое, што заснавальнікі не прадаставілі дадатковыя матэрыялы, якія маюць дачыненне да з'езда, у прыватнасці, дамову з гаспадаром памяшкання і спіс рэгістрацыі ўдзельнікаў з'езда. Ініцыятары стварэння арганізацыі палічылі такое патрабаванне незаконным, а таму не сталі выконваць рэкамендацыі міністэрства. Па-трэцяе, на думку Мінюста, заснавальнікі арганізацыі аформілі дакументы з парушэннямі правіл арфаграфіі і пунктуацыі, якія тычацца ўжывання вялікай літары на тытульным лісце і двухкосся.

 

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства