Акадэмік А. Вайтовіч заклікае беларускія ўлады і прадстаўнікоў сілавых структураў не ствараць правакацыяў 25 сакавіка
У сваім звароце Аляксандар Вайтовіч нагадвае ўладам пра іхны абавязак перад народам, краінай і гісторыяй, а таксама просіць захаваць на вуліцах сьвяточную атмасфэру ў гэты знамянальны дзень.
А. Вайтовіч падкрэсьлівае, што стварэньне 25 сакавіка 1918 году Беларускай Народнай Рэспублікі было "першым і самым важным крокам да сучаснай сувэрэннай беларускай дзяржавы".
— Я глыбока перакананы, — гаворыцца ў звароце вучонага і палітыка, — што прыйдзе час, і гэты дзень будзе для беларускага народа самым важным нацыянальным святам — Днём Рэспублікі.
Вайтовіч таксама заклікае прадпрымальнікаў 25 сакавіка падтрымаць сьвяточны настрой грамадзянаў Беларусі.
—У гэты або папярэдні дзень вы можаце зьнізіць цэны на свае тавары хаця б дзеля вэтэранаў вайны і працы, — прапаноўвае ён. — І гэта вам акупіцца ўдзячнасьцю і падтрымкай народу.
— Разам мы пабудуем новую Беларусь, якая для кожнага з нас будзе ўтульным домам, — піша Вайтовіч, — дзе нас ня будуць караць безь віны, а закон будзе нас абараняць; дзе ня будуць фальшавацца вынікі выбараў і ўлады будуць сапраўды адказныя перад намі за сваю дзейнасьць; дзе кожны зможа рэалізаваць свае здольнасьці і будзе па-сапраўднаму ганарыцца сваёй цудоўнай краінай, паведамляе Радыё Рацыя.