viasna on patreon

Amnesty International: Як у Беларусі затыкаюць рот грамадзянскай супольнасці

2013 2013-04-18T10:49:45+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/amnesty_int-daklad-belarus-2013.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Amnesty International прэзентавала свой даклад 18 красавіка ў Кіеве

Amnesty International прэзентавала свой даклад 18 красавіка ў Кіеве

Грамадзянская супольнасць Беларусі падвяргаецца рэпрэсіям з боку ўладаў, нецярпімых да любой формы крытыкі. Такая выснова ўтрымліваецца ў дакладзе "Што не дазволена, тое забаронена: Як у Беларусі затыкаюць рот грамадзянскай супольнасці", апублікаваным Amnesty International ў чацвер, 18 красавіка.

Аўтары дакладу паказваюць, як беларускія ўлады абмяжоўваюць свабоду сходаў, свабоду аб'яднанняў і свабоду слова, перашкаджаючы грамадзянам публічна выказваць меркаванне, праводзіць маніфестацыі і ствараць некамерцыйныя арганізацыі (НКА). Удзельнікам мірных дэманстрацый нярэдка пагражаюць не толькі штрафы, але і турэмныя тэрміны.

"На працягу апошніх 20 гадоў улады Беларусі ўсё больш душылі грамадзянскую супольнасць, пазбаўляючы людзей магчымасці выказваць сваё меркаванне, удзельнічаць у грамадскіх абмеркаваннях палітычнага курсу краіны і - у канчатковым выніку - кантраляваць дзеянні чыноўнікаў", - заявіла Хэза Макгіл, даследчык Amnesty International па Беларусі.

Даклад Amnesty International аналізуе заканадаўства краіны ў частцы правоў грамадзян на мірны пратэст і свабоды аб'яднанняў, дакументуючы парушэнні, з якімі сутыкаюцца праваабаронцы, прафсаюзы, абаронцы навакольнага асяроддзя і актывісты ЛГБТ.

Грамадзяне, якія спрабуюць зарэгістраваць незалежныя НКА, сутыкаюцца з заканадаўчымі перашкодамі і бюракратычнай самаўпраўнасцю, скіраванымі на далейшае падаўленне свабоды аб'яднанняў. Дзейнасць праваабаронцаў без рэгістрацыі НКА цягне ганенні на дзейнасць ад імя "незарэгістраванай арганізацыі".

У Беларусі з 2000-га года не была зарэгістравана ніводная палітычная партыя, паколькі ўмовы рэгістрацыі з'яўляюцца празмернымі, а незалежныя прафсаюзы сутыкаюцца з дыскрымінацыяй з боку кіраўніцтва прадпрыемстваў.
У 2011-м годзе Алесь Бяляцкі, вязень сумлення і старшыня праваабарончага цэнтра "Вясна", пазбаўленага афіцыйнай рэгістрацыі ў 2003-м годзе, быў прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі. Падставай для гэтага стала наяўнасць у яго асабістых банкаўскіх рахункаў у Польшчы і Літве. Імі, па заключэнні следства, ён карыстаўся для фінансавання праваабарончага цэнтра. Між тым праваабаронца быў пазбаўлены магчымасці адкрыць банкаўскі рахунак для гэтых мэтаў у Беларусі.

Алег Стахаевіч, вадзіцель самазвала, які працаваў у Рэспубліканскім унітарным вытворчым прадпрыемстве "Граніт" (РУВП "Граніт"), быў абраны кіраўніком заснаванага ў снежні 2011-га года незалежнага прафсаюза. У адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі, працоўныя апавясцілі адміністрацыю РУВП "Граніт" аб стварэнні прафсаюзнай арганізацыі і з гэтай мэтай папрасілі даць юрыдычны адрас. Кіраўніцтва прадпрыемства адказала адмовай і пагрозамі. Неўзабаве Алег Стахаевіч быў звольнены з фармулёўкай "неадпаведнасць работніка займаемай пасадзе або выконваемай працы з прычыны недастатковай кваліфікацыі". На цяперашні час з прадпрыемства звольненыя чатыры сябры незалежнага прафсаюзу, многія іншыя спынілі сваё сяброўства з боязі страціць працу.
Калі ў 2003-м годзе беларускія прыхільнікі Amnesty International паспрабавалі зарэгістравацца ў якасці міжнароднай арганізацыі, улады заявілі ім, што рэгістрацыя немагчымая ў сувязі з планамі выкарыстання імі афіцыйнай сімволікі руху. У 2005-м годзе пры паўторнай спробе рэгістрацыі прадстаўнікі ўладаў заявілі, што дазвол будзе атрыманы, калі прыхільнікі Amnesty International будуць узгадняць дзейнасць арганізацыі з уладамі. З-за боязі страціць незалежнасць, прыхільнікі Amnesty International былі вымушаныя адмовіцца ад ідэі афіцыйнай рэгістрацыі.

На працягу многіх гадоў Amnesty International дакументуе шматлікія арышты і затрыманні ўдзельнікаў няўзгодненых дэманстрацый, прычым некаторыя з іх падвяргаліся збіццю з боку міліцыі.

У час штотыднёвых "маўклівых пратэстах" у 2011-м годзе міліцыя ўжывала гвалт і адміністратыўныя затрыманні пры разгоне дэманстрантаў, якія не скандавалі лозунгаў, а выражалі пратэст праз апладысменты.

Найбуйнейшая за нядаўнюю гісторыю краіны акцыя пратэсту, якая адбылася ў снежні 2010-га года пасля выбараў прэзідэнта, была разагнаная з беспрэцэдэнтнай жорсткасцю. Сілы правапарадку затрымалі ў цэнтры Менска больш за 700 чалавек, у тым ліку назіральнікаў. Многія з іх былі збітыя і параненыя. Чатыры вязні сумлення, Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Эдуард Лобаў і Зміцер Дашкевіч, да гэтага часу пазбаўленыя волі па справе аб масавых пратэстах.

Закон аб масавых мерапрыемствах парушае правы беларусаў на мірны пратэст

"Нават адзіночны пікет згодна з законам аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца парушэннем. Дэманстрантаў можна пераследваць за ўдзел у адзіночных пікетах, можна нават штрафаваць за "публічнае дарэнне", - расказала Хэза Макгіл.

Удзельнікаў мірных акцый пратэсту нярэдка прысуджаюць да штрафаў і кароткатэрміновых арыштаў за парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах і нязначныя нібыта меўшыя месца парушэнні, напрыклад, нецэнзурную лаянку. Павел Вінаградаў, сябра моладзевага палітычнага руху "Змена", за перыяд з 30 снежня 2011-га па 12 снежня 2012-га года правёў у зняволенні ў агульнай складанасці 66 сутак. Яго восем разоў прыгаворвалі да адміністратыўнага арышту, абвінавачваючы ў нязначных парушэннях, уключаючы нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы і парушэнне правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў.

"Улады Беларусі павінны забяспечыць свабоду выказвання меркавання грамадзянамі і пакласці канец палітычным рэпрэсіям. Для гэтага ўладам трэба перагледзець указы прэзідэнта і законы, якія тычацца рэгістрацыі і дзейнасці НКА. Неабходна, каб чыноўнікі паважалі права грамадзян на свабоду аб'яднанняў і свабоду сходаў", - заявіла Хэза Макгіл.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства