Перамога Гэніка Лойкі
Пасьля пратэстаў архітэктара Гэніка Лойкі менскай гімназіі
№ 4 прадпісана вярнуцца да беларускай мовы. Упраўленьне адукацыі Фрунзэнскага
раёну Менску абавязала адміністрацыю адзінай у раёне беларускамоўнай гімназіі № 4 унесьці папраўкі ў статут.
Летась дакумэнт без папярэдняга інфармаваньня бацькоў навучэнцаў быў
адкарэктаваны, у выніку чаго разам зь беларускай мовай навучаньня
і выхаваньня была ўведзеная расейская. Такі паварот падзеяў выклікаў
незадавальненьне часткі бацькоў, якія запатрабавалі тлумачэньняў
ад кіраўніцтва гімназіі і вышэйшых органаў.
21 лютага, у Міжнародны дзень абароны роднай мовы, вядомы скульптар
Гэнік Лойка выйшаў да ўстановы, дзе вучыліся і навучаюцца цяпер трое
ягоных дзяцей, з плякатам «Віншуем зь Міжнародным днём абароны роднай
мовы! Гімназія № 4 была апошняй беларускамоўнай школай». Неўзабаве
пасьля пачатку акцыі Лойка быў затрыманы і асуджаны на 5 сутак
адміністрацыйнага арышту за «парушэньне правілаў арганізацыі
і правядзеньня масавага мерапрыемства».
Тым часам бацькі іншых навучэнцаў гімназіі распачалі збор подпісаў
за перагляд моўнай часткі статуту — было сабрана некалькі дзясяткаў
подпісаў, якія перадалі ва Ўпраўленьне адукацыі Фрунзэнскага раёну Менску.
На падставе гэтага звароту чыноўнікі ад адукацыі прымусілі адміністрацыю
гімназіі вярнуць у беларускамоўную школу родную мову.
Да 15 красавіка кіраўніцтва гімназіі мусіць зьвярнуцца ў Камітэт
адукацыі Менгарвыканкаму з хадайніцтвам унесьці ў статут адпаведныя
зьмены.