«Раёнка» пазбавіла Мікалая Аўтуховіча званьня ўдзельніка вайны ў Аўганістане
Ваўкавыская раённая газэта «Наш час» апублікавала сьпіс ураджэнцаў раёна, якія выконвалі інтэрнацыянальны доўг у Аўганістане. Не аказалася ў гэтым сьпісе толькі прозьвішча палітвязьня Мікалая Аўтуховіча.
Сьпіс ураджэнцаў Ваўкавышчыны, якія ўдзельнічалі
ў Аўганскай вайне, надрукаваны
ў газэце пад загалоўкам «Памятаем. Ганарымся». На сайце рэдакцыі
пачалі друкавацца і біяграфіі ўдзельнікаў вайны ў Аўганістане.
Аднак у гэтых публікацыях няма ні прозьвішча Аўтуховіча,
ні інфармацыі пра тое, што ён служыў у Аўганістане, ўзнагароджаны
ордэнам Чырвонай Зоркі, дзьвумя медалямі «За адвагу» і «За баявыя
заслугі».
Мікалай Аўтуховіч служыў кіроўцам у ракетных войсках у Саратаўскай
вобласьці Расеі. Скончыў школу прапаршчыкаў, папрасіўся служыць
у Аўганістане.За ахову моста пад Кандагарам ды ўдзел
у іншых апэрацыях узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі, двума мэдалямі:
«За адвагу» і «За баявыя заслугі».
15 кастрычніка 2005 г. быў зьняволены за ўхіленьне
ад выплаты падаткаў і за прадпрымальніцкую дзейнасьць без
рэгістрацыі і ліцэнзіі. Асуджаны 7 ліпеня 2006 г. на 3,5
года зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. У студзені 2008 г.
зьняволеньне было замененае папраўчымі работамі на месцы жыхарства.
Па вызваленьні працаваў кіроўцам у Ваўкавыску.
8 лютага 2009 г. быў зьняволены разам зь Юрыем Лявонавым
і Ўладзімерам Асіпенкам. Асуджаны на 5 гадоў
і 2 месяцы калёніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за незаконнае
захоўваньне і перавозку пяці патронаў і паляўнічай стрэльбы.
Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Аўтуховіча вязьнем
сумленьня.