Леанід Гаравы рыхтуе скаргу на супрацоўнікаў міліцыі
Сябар ГА “БАЖ” з райцэнтра Гарадок Леанід Гаравы прыязджаў 25 сакавіка на суд да віцебскіх актывістаў Леаніда Аўтухова і Кастуся Смолікава. Супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС забаранілі спадару Гаравому рабіць фотаздымкі.
"Я хацеў зрабіць некалькі кадраў да пачатку судовага працэсу, бо ведаю, што падчас суду гэтага рабіць нельга. На дазвол суддзі спадзявацца не выпадала, але я не чакаў, што да мяне кінецца супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Віцебска, які назваўся Міхаілам Мядзведзевым. Ён абурыўся, што я нібыта фатаграфую яго, потым заявіў, што ў будынку суда ўвогуле здымаць забаронена. (Дзіўна, што гэта казаў міліцыянт, а не работнікі суда.) Увогуле ж ніякіх папярэджанняў пра забарону нідзе бачна не было", – распавёў Леанід Гаравы.
Ён патлумачыў супрацоўніку, што з'яўляецца сябрам ГА “БАЖ” і робіць фотаздымкі для сайта http://www.haradok.info/ , які стварыў і рэдагуе. Але міліцыянт сказаў, што "ў сапраўднага журналіста мусіць быць бэйджык", а інакш і размаўляць няма пра што.
Леанід Гаравы адзначыў і яшчэ адну акалічнасць: калі суддзя Кастрычніцкага райсуда Віцебска Іна Грабоўская папярэдзіла, што ў зале нельга праводзіць фота- і відэаздымкі, усе паслухмяна схавалі свае фотаапараты і камеры. Апрача прадстаўніка МУС у цывільным, які працягваў рабіць відэаздымкі. Суддзя не ведала, хто гэты чалавек, таму загадала яму як парушальніку пакінуць залу суда. Міліцыянт падаўся да выхаду, але яго калегі патлумачылі суддзі, што гэта "іхны чалавек". І відэааператар застаўся ў зале, ды яшчэ перыядычна здымаў тое, што лічыў патрэбным.
Спадар Гаравы напісаў скаргу на адрас старшыні суда, бо дзеянні суддзі Грабоўскай, якая не пярэчыла здымкам міліцыянта і забараніла гэта рабіць іншым, ён расцаніў як праявы дыскрымінацыі па прафесійнай прыкмеце.