viasna on patreon

Затрыманне за бел-чырвона-белы сцяг

2013 2013-03-26T08:30:26+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Увечары 25 сакавіка пенсіянерка Ніна Багінская ўзняла бел-чырвона-белы сцяг ля Чырвонага касцёла. Яе адвезлі ў РАУС, потым адпусцілі.  

Пра абставіны затрымання паведаміла ў сваім акаўнце ў фэйсбуку грамадская актывістка Ганна Шапуцька:

«Сення падчас малітвы за палітзняволеных, за Беларусь затрымалі нашага нязломнага маленькага сцяганосца Ніну Багінскую. Яна падчас нашай святочнай малітвы высока ўзняла бела-чырвона-белы сцяг і трымала яго пакуль нечакана, са спіны супрацоўнік Маскоўскага РАУСу, апрануты ў цывільнае без усялякага папярэджання наляцеў на спадарыню Ніну і выхапіў сцяг, зламаў вуду.

Спадарыня Ніна патрабавала вярнуць ей сцяг, у адказ на гэта супрацоўнік Маскоўскага РАУСа (ведаем, што завуць яго Алег Віктаравіч)

адпіхнуў яе і спадарыня Ніна упала. Падняўшыся яна пабегла за супрацоўнікам з патрабаваннем вярнуць яе сцяг і ў выніку апынулася ў міліцэйскім аўтобусе.

Пасля прыехалі амапаўцы і выставілі пост каля Чырвонага касцела, баючыся новых акцый. Яны забралі з ганкаў помніка арханела Міхала партрэты палітвязняў. Трэба адзначыць, што адзін з супрацоўнікаў хадзіў з расейскім шэўронам на рукаве курткі. Мы патрабавалі адпусціць спадарыню Ніну, але ж, канешне, нас не паслухалі, тым больш, што ў аўтобусе яна не супакайвалася і называла іх пасобнікамі расейскіх акупантаў і патрабавала вярнуць сцяг, мы чулі гэта, калі прыбеглі да буса яе вызваляць. У выніку спадарыню Ніну павезлі ў Маскоўскі РАУС…»

Затым Ганна Шапуцька паведаміла, што Ніну Багінскую адпусцілі, сказаўшы ў аўторак прыйсці ў Маскоўскі РАУС па пашпарт і сцяг ды адвезлі на міліцэйскім УАЗіку на Плошчу Якуба Коласа.

67-гадовая Ніна Багінская неаднаразова выходзіла з бел-чырвона-белым сцягам на цэнтральныя вуліцы і плошчы Мінска і неаднаразова затрымлівалася. Так, апошні раз яна выходзіла са сцягам 19 снежня 2012 г. на Кастрычніцкую плошчу Мінску, у другія ўгодкі разгону акцыі пратэсту на вынікі выбараў-2010.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства