Салігорскі тэлеканал адмовіўся віншаваць гараджан з Днём Волі
Спроба сябра АГП Віктара Малочкі павіншаваць жыхароў гораду з Днём Волі праз віншавальны сэрвіс Салігорскага тэлеканала пацярпела фіяска.
Яшчэ ў чацвер, 22 сакавіка, спадар Малочка прыйшоў у офіс тэлеканала, каб замовіць святочнае віншаванне. Ад імя сяброў Аб’яднанай гармадзянскай партыі і сяброў Салігорскай суполкі ТБМ мусілі прагучаць цёплыя святочныя словы, верш Ніла Гілевіча “Наша свята” ды беларускамоўная песня Данчыка “Хатка па-над рэчкаю”, якая стала гучыць у эфіры СТК, але чамусці на рускай мове. У якасці застаўкі на момант выканання песні планавался размясціць выяву нацыянальнага герба “Пагоня”.
Пажаданне леташняга экс-кандыдата ў дэпутаты апынулася для шараговых работнікаў СТК надта адказнай справай. Каб аформіць заяву на музычнае віншаванне, партыйцу прыйшлося пайсці на пятнічнае рандэву з галоўнай рэдактаркай найбуйнейшага СМІ раёну.
- Шчыра кажучы, спрадарыня Скрыпнік была не ў захапленні ад нашага святочнага настрою. Пры першым жа позірку ў грубай форме заявіла, што “мы яе ўжо дасталі”, - распавядае Віктар Малочка, - але заяўку прыняла і паабяцала ў панядзелак патэлефанаваць ды паведаміць аб прынятым рашэнні. Адзінае, адразу папярэдзіла, што герб “Пагоня” ў якасці застаўкі яны ставіць не будуць, бо ён не ўнесены ў “спіс афіцыйна зарэгістраванай сімволікі”. Што абсурдна, бо выяву “Пагоні” афіцыйна маюць у сваім складзе гербы шматлікіх беларускіх населеных пунктаў.
Зрэшты, званка ад галоўнай рэдактаркі Салігорскага тэлеканала 25 сакавіка Віктар Малочка так і не дачкаўся, а жыхары сталіцы шахцёраў так і не пачулі віншавання з Днём Волі ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала.