Новыя затрыманьні ў Віцебску
Актывісты БХД і Партыі БНФ затрыманыя ў Віцебску каля будынка суду Кастрычніцкага раёну, дзе праходзіць працэс над актывістамі Партыі БНФ Кастусём Смолікавым і Леанідам Аўтуховым.
Як паведаміла каардынатарка БХД Тацяна
Севярынец, актывісты спачатку прыйшлі ў Парк чыгуначнікаў, дзе зьбіраліся
правесьці мерапрыемства да Дня Волі. Калі даведаліся, што ў гэты момант у судзе
Кастрычніцкага раёну праходзіць суд над актывістамі Кастусём Смолікавым
і Леанідам Аўтуховым, то вырашылі падтрымаць іх. Актывісты
рушылі да суду: частка на машыне, частка на грамадзкім
транспарце. Аднак, не праехаўшы і 300 мэтраў, аўто, у якім
ехалі актывісты, было спынена ДАІ, паведаміла Тацяна Севярынец карэспандэнту
Свабоды:
«Нас трымаюць ужо каля гадзіны. На кіроўцу склалі пратакол нібыта
за парушэньне правілаў дарожнага руху. Мы з Аленай
Шабуняй знаходзімся ў аўто. Тут шмат заўваг, што
мы не прышпіліліся на заднім сядзеньні».
Тацяна Севярынец сказала, што ёй паступілі смс-паведамленьні ад двух
актывістаў, якія накіраваліся грамадзкім транспартам да суду,
аб затрыманьні Стаса Лаўрэнава і Аляксея
Кішчука. Іх трымаюць у Кастрычніцкім РАУСе Віцебску.