Павел Севярынец сустрэўся з намеснікам пракурора Берасцейскай вобласці
Сустрэча прайшла у вёсцы Куплін Пружанскага раёна Берасцейскай вобласці, дзе Павел Севярынец адбывае трохгадовую “хімію” за Плошчу 2010.
Па словах палітыка, размова з пракурорам ішла пра тых палітвязняў, якія адбываюць пакаранне менавіта на Берасцейшчыне.
- Ён звычайна аб’язджае такога кшталту ўстановы. Не было жадаючых з ім пагаварыць. Таму адміністрацыя на паверцы сказала: ”Канстанцінавіч, ідзіце размаўляйце. Вам ёсць пра што спытаць.” Я спытаў у пракурора пра Аляксандра Францкевіча і Эдуарда Лобава. Іх калоніі знаходзяцца на тэрыторыі Берасцейскай вобласці. Хлопцам у калонію “Воўчыя норы”, дзе яны сядзяць, не прапускаюць пасылкі. І ўвогуле Францкевіч знаходзіцца там у нечалавечых умовах. Намеснік пракурора запісаў гэта і сказаў, што дасць распараджэнне разабрацца, ці ўсё законна.
На днях Павел Севярынец атрымаў лісты ад палітвязняў Змітра Дашкевіча і Мікалая Аўтуховіча. Таксама яго наведалі старшыня і намеснік старшыні Руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч і Юры Губарэвіч, старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч.