viasna on patreon

Юрыст Тамара Сяргей: нельга назваць судом тое, што адбывалася

2013 2013-03-23T11:45:05+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

21 сакавіка калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суду пад старшынством Аксаны Будоўскай падтрымала рашэнне суддзі суду Маскоўскага раёна горада Мінска Вольга Гусаковай, якая 1 лютага пакінула без разгляду скаргу на дзеянні Мінскага гарвыканкама, каторы парушыў правы грамадзян, паведаміла НЧ юрыстка Тамара Сяргей.

Яна нагадала, што амаль восем гадоў жыхары былой вёскі Цна, якая з 2003 году ўваходзіць у Савецкі раён сталіцы, дамагаюцца ад уладаў добраўпарадкавання пешай сцежкі, што найкарацейшым шляхам, каторы складае больш за два кіламетры, здаўна звязвае былую вёску Цна з Мінскам. Паводле яе слоў, у 2010 годзе чыноўнікі паабяцалі хуткім часам завяршыць добраўпарадкаванне сцежкі, але за спіной грамадзян яшчэ ў 2006 годзе змянілі прызначэнне пляцу зямлі, праз які сцежка праходзіць.

 “Такім чынам, улады проста падманулі людзей. Пры гэтым чыноўнікі парушылі артыкулы Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб зямлі, а таксама законы аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці. Гаворка ідзе пра тое, што ўсе гэтыя законы прадугледжваюць, у тым ліку, галоснасць і улік меркавання грамадзянаў, іх пастаяннае інфармаванне пра рашэнні ўлады па важнейшых пытаннях мясцовага значэння”, — сказала юрыстка.

 Судовае пасяджэнне ў Мінгарсудзе яна назвала па меншай меры “дзіўным”, у якім ёй яшчэ не даводзілася браць удзелу. “Пасяджэнне было затрыманае на гадзіну і сорак пяць хвілін. Пры гэтым, нам ніхто не паведаміў прычыну затрымання. І людзі вымушаныя былі чакаць. Калі б яны сышлі, дык суддзі былі ўдзячныя грамадзянам, бо разгляд касацыйных скаргаў у Мінгарсудзе не прадугледжвае абавязковую прысутнасць бакоў. Урэшце, за пятнаццаць хвілін да пачатку абедзеннага перапынку грамадзянаў пачалі выклікаць у залу судовых пасяджэнняў. Але паколькі суддзі, мабыць, хацелі яшчэ і паспець паабедаць, дык тры справы ўклалі ўсяго ў сорак пяць хвілін і завяршылі разгляд у трынаццаць гадзін трыццаць хвілін. Такім чынам, на кожную справу выпала толькі па пятнаццаць хвілін. Нават на абед суддзі пакінулі сабе ў два разы болей — трыццаць хвілін”, — падкрэсліла юрыстка.

 Паводле яе слоў, 15 хвілін на кожную справу — гэта, у тым ліку, на праверку дакументаў і паўнамоцтваў бакоў, прадстаўленне справы, прыём заяваў і іншых папер, адасабленне суду ў дарадчы пакой і гэтак далей. “Таму гаварыць і адстойваць сваю пазіцыю мне проста не далі, прыпыніўшы пасля першай хвіліны”, — сказала юрыстка.

 Яна выказала намер працягваць адстойваць інтарэсы грамадзян. “Я неаднаразова выказвала сваю думку пра тое, што айчынная судовая сістэма знаходзіцца ў крызісе. Але я нават не думала, што ў такім глыбокім крызісе. Бо тое, што адбывалася сёння, нават нельга назваць судом”, — адзначыла Тамара Сяргей.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства