Незалежных журналістаў не пускаюць на будоўлю АЭС
Каб зрабіць рэпартаж пра будоўлю станцыі, карэспандэнт "Радыё Свабода" Міхаіл Карневіч падаў у Дырэкцыю будаўніцтва Астравецкай АЭС усе дакументы, якія там ад яго запатрабавалі.
Дазвол атрымаў, але калі прыехаў у Астравец, яму заявілі, што будаўнічую
пляцоўку ён наведаць ня можа, бо нібыта нестае яшчэ паперы зь Мінэнэрга.
"Першае, што я зрабіў, каб наведаць будаўнічую пляцоўку Астравецкай АЭС, —
зьвярнуўся ў прэс-службу Міністэрства энэргетыкі РБ і запытаў, якія дакумэнты
трэба падаць, каб атрымаць дазвол.
Прэс-сакратар накіравала ў Дырэкцыю будаўніцтва АЭС. Там мне прапанавалі
запоўніць тыповую анкету з маімі дадзенымі для начальніка аддзелу спэцыяльнай
бясьпекі В.Латыпава, а таксама падаць тыповае прашэньне на фірмовым блянку ад
рэдакцыі на імя дырэктара будаўніцтва станцыі М.Філімонава.
Праз два тыдні, якія патрабуюцца для разгляду дакумэнтаў, мне паведамілі, што
заўтра, 19 сакавіка, я магу наведаць будаўнічую пляцоўку станцыі. Праўда,
удакладнілі — што канкрэтна хачу пабачыць і з кім паразмаўляць? Я адказаў, што
мяне цікавіць сустрэча з рабочымі, якія робяць на пляцоўцы, а таксама хацеў бы
задаць некалькі пытаньняў кіраўнікам будоўлі наконт графікаў і тэмпаў
будаўніцтва.
Якраз напярэдадні падчас сустрэчы Уладзімера Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам у
Пецярбургу з вуснаў расейскага прэзыдэнта прагучала, што будоўля Астравецкай
АЭС вядзецца з апераджэньнем графіку на некалькі месяцаў і што першы блёк АЭС
запрацуе ў 2018 годзе.
А 19 сакавіка, калі я праехаў 240 кілямэтраў, ужо ў Астраўцы супрацоўнік
інфармацыйнага цэнтру будаўніцтва АЭС раптам сказаў, што наведаць будаўнічую
пляцоўку я не магу — нібыта з той прычыны, што нестае паперы зь Міністэрства
энэргетыкі.
Тэлефанаваць да высокага начальства, якое яшчэ ўчора мне сказала, што я магу
наведаць будаўнічую пляцоўку АЭС, ня стаў, бо мне патлумачылі, што ў адказ
пачую тое самае. На будаўнічую пляцоўку я так і ня трапіў", - распавёў
журналіст.