viasna on patreon

Фэйс-кантроль - узаконеная дыскрымінацыя

2013 2013-03-13T12:32:46+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/security.jpg

Шматразовую чэмпіёнку паралімпійскіх гульняў Людмілу Валчок не пусцілі ў начны клуб з-за таго, што яна перасоўваецца на інваліднай калясцы.

Факт дыскрымінацыі з боку клуба па прыкмеце інваліднасці ў наяўнасці, аднак гэты непрыемны інцыдэнт падняў яшчэ адну праблему - наколькі законны так званы фэйс-кантроль у забаўляльных установах.

У ноч на 8 сакавіка Людміла Валчок з сябрамі прыехалі ў клуб «Тытан», дзе ў іх быў зарэзерваваны столік. «Хацелі, так бы мовіць, замачыць маю бронзу чэмпіянату Еўропы, адзначыць дзень нараджэння сяброўкі. Але ахова нас не прапусціла нават на ганак», - распавяла Людміла Валчок.

Ахова заявіла вядомай спартсменцы, што «у нас там другі паверх, для вас не прадугледжана, можа ўтварыцца аварыйная абстаноўка». «Спачатку сам ахоўнік мяне не пусціў, потым паклікаў свайго начальніка. І - ад варот паварот, культурна адшылі. Мы проста сышлі. Вечар быў сапсаваны. Таму пазаўчора літаральна паехала я ў «Тытан» і зрабіла запіс у кнізе скаргаў і прапаноў», - распавяла Людміла Валчок.

Скаргі - гэта на сённяшні дзень фактычна адзіны інструмент уздзеяння на адміністрацыі падобных устаноў. Аднак практыка паказвае, што інструмент гэты не вельмі эфектыўны.

Як лічыць дырэктар сеткі кафэ Terra Pizza Канстанцін Хрусталёў, у Менску праблема фэйс-кантролю дастаткова актуальная.

Ёсць месцы, куды не пускаюць па прынцыпе «дзяўчына недастаткова стыльна выглядае». І ва ўстановах не тлумачаць прычыны, па якой чалавек фэйс-кантроль не прайшоў, адзначыў Хрусталёў.

«Мне даводзілася бачыць, - распавёў дырэктар сеткі кафэ, - як з кампаніі чатырох дзяўчат двух развярнулі. Такім чынам у клубе дасягаюцца элітарнасць і гламур у тым выглядзе, як уяўляе іх адміністрацыя. У кафэ, клубах і рэстаранах зыходзяць з таго, што могуць на сваёй тэрыторыі ўстанаўліваць свае правілы - выбіраць гасцей і ствараць пэўную атмасферу».

У выпадку нязгоды з дзеяннямі супрацоўнікаў аховы Канстанціў Хрусталёў раіць звяртацца да адміністратара ўстановы. «Мне здаецца, што калі б адміністрацыя была ў курсе праблемы, калі жанчыну не пусцілі ў клуб, таму што яна была на інваліднай калясцы, гэтага б не здарылася. Усё ж такі кожны кіраўнік клапоціцца пра імідж сваёй установы і не хоча быць абвінавачаным у дыскрымінацыі», - лічыць Хрусталёў.

Безумоўна, бываюць выпадкі, калі кантроль наведвальнікаў на ўваходзе і іх, так бы мовіць, адсеў апраўданы.

«Ахоўнік вызначае ў якасці неадпаведнага выгляду для наведвання кафэ спартыўнае адзенне і відавочнае алкагольнае ап'яненне, - тлумачыць на прыкладзе сваёй сеткі кафэ Канстанцін Хрусталёў. - Разумееце, калі чалавек у спартыўных штанах з лампасамі прыходзіць у кафэ і паводзіць сябе задзірліва, гэта непрыемна нашым кліентам, псуе атмасферу. Такім чынам, мы разглядаем фэйс-кантроль як спосаб, з дапамогай якога можна ахаваць гасцей ад п'яных, ад тых, хто паводзіць сябе неадэкватна і можа праяўляць агрэсію. Безумоўна, мы аддаем сабе справаздачу, што адмова ў наведванні ўстановы заўсёды багатая крыўдамі, канфліктамі».

Сёння ў большасці выпадкаў ахова начных клубаў не тлумачыць прычыну, па якой адмаўляе наведвальніку. Магчыма таму, што ў яе ў самой няма выразных і ясных крытэраў. У той жа час відавочна, што правілы, па якіх кліента не пускаюць у рэстаран або клуб, павінны быць празрыстымі. У адваротным выпадку любую адмову можна расцэньваць як дыскрымінацыю, а гэта ўжо правапарушэнне.

Каардынатар Офіса па правах чалавека юрыст Сяргей Драздоўскі адзначае, што праблема фэйс-кантролю сапраўды звязаная з праблемай захавання правоў чалавека.

«Уласнік клуба можа сказаць, што ён пускае да сябе толькі сяброў, гэта значыць тых наведвальнікаў, якія яму прыемныя. І гэта дазваляе ўласніку рэзка абмежаваць кола наведвальнікаў. Тут пытанне да дзяржавы - наколькі такія прыватныя ўчынкі заканадавец можа ці не рэгуляваць. Патуральніцкае стаўленне да падобнага - вялікая небяспека для грамадства», - лічыць Сяргей Драздоўскі.

На яго думку, фэйс-кантроль павінен мець выразныя рамкі: «Яго задача, перш за ўсё, гарантаваць бяспеку тых, хто знаходзіцца ў памяшканні. У сітуацыі з Людмілай Валчок інваліднасць стала перашкодай для таго, каб чалавек мог патрапіць у пэўнае кола людзей. Гэта дыскрымінацыя. У Людмілы хапае смеласці заявіць пра такі факт публічна, але многія людзі сутыкаюцца з падобнай дыскрымінацыяй і мірацца з ёй».

Шмат у чым гэта выклікана своеасаблівым стаўленнем да інваліднасці ў грамадстве, адзначае эксперт. Дыскрымінацыя інвалідаў для многіх лічыцца нормай, нецярпімасць жа да інвалідаў правакуецца абыякавасцю дзяржавы да гэтай праблемы.

«Практыка паказвае, - адзначае Сяргей Драздоўскі, - што як раз разгляды на ўзроўні заканадаўца з гэтай праблемай шмат у чым зніжаюць градус дыскрымінацыі ў грамадстве. Хоць раз і назаўсёды гэта немагчыма спыніць, нельга адмаўляцца ад прававых спосабаў рэгулявання праблемы. У цэлым у грамадстве павінна весціся на гэты конт прапаганда, а таксама выбудоўвацца ідэалогія памяркоўнасці і талерантнасці».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства