viasna on patreon

Віцебск: чарговая забарона масавага мерапрыемства

2013 2013-03-11T13:56:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zabarona1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адмову ў правядзенні вулічнага шэсця ў гонар 150-х угодкаў паўстання  К.Каліноўскага атрымаў ініцыятар мерапрыемства, сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў. "У лісце з гарвыканкаму фактычна пацверджана тое, у чым віцебскія актывісты пераконваюцца раз за разам: правядзенне нашых акцый будзе  забаронена любым коштам. Нават калі будзе парушана заканадаўства за кошт парушэння нашых правоў", -- кажа спадар Дзяржаўцаў.

Шэсце актывіст КХП БНФ вырашыў прызначыць на нядзелю, 10 сакавіка. І звярнуўся па дазвол у гарвыканкам, бо меркаваны маршрут пралягае па тэрыторыі ўсіх трох раёнаў горада. Пісьмовая адмова ўладаў датаваная 4-м сакавіка, але на паштовым штэмпелі – іншая дата, 6.03.2013. І сам ліст Ян Дзяржаўцаў атрымаў толькі 7 сакавіка, хаця пра сваё рашэнне ўлады мусяць спавясціць заяўніка не пазней як за 5 дзен да замоўленай акцыі.

"Што да зместу адмовы, то ён ужо "трафарэтны". Маўляў, да заяўкі не прыкладзены дамовы з паліклінікай і міліцыяй на абслугоўванне мерапрыемства. Неабходнасць прыкладаць дамовы з гэтымі структурамі, а таксама з ЖКГ, прадугледжвана

рашэннем гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску». Але дзве структуры, пазначаныя ў рашэнні, адмовіліся заключыць са мной дамовы. Пагадзіліся дамовіцца толькі структуры ЖКГ", -- распавёў Ян Дзяржаўцаў.

З медыкамі і міліцыянтамі заключыць дамовы так і не ўдалося . Галоўны ўрач  Віцебскай гарадской цэнтральнай паліклінікі С.Цітовіч адмовіў актывісту, спаслаўшыся на сезонны ўздым захворванняў і  вялікую нагрузку на "хуткую дапамогу".А намеснік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі УУС Віцаблвыканкаму І.Скарыновіч заявіў, што маршрут вулічнага шэсця, на ягоную думку, не адпавядае закону «Аб масавых мерапрыемствах», і адмовіў ў заключэнні дамовы на гэтай падставе.

Гэтыя дзве адмовы Ян Дзяржаўцаў прыклаў да заяўкі на шэсце  – каб чыноўнікі пераканаліся, што адказныя асобы на выконваюць рашэнне гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску». На думку актывіста, гэтае рашэнне мусіць быць абавязковым для выканання як для грамадзян, што хочуць правесці масавае мерапрыемства,  так і для арганізацый, згаданых у рашэнні віцебскіх уладаў.

Але  намеснік старшыні гарвыканкаму Уладзімер Шлома, чый подпіс стаіць пад адмовай, спаслыўся на  артыкул 391 Грамадзянскага кодэксу. Маўляў, грамадзяне  і юрыдычная асобы вольныя ў заключэнні дамоваў, і змусіць да гэтага нікога нельга.

Такое тлумачэнне чыноўніка можа быць абгрунтаваннем любых адмоваў, лічыць актывіст:

"Атрымліваецца, што ЖКГ, міліцыя і медыкі могуць адмовіцца ад заключэння дамоваў проста без аніякае прычыны – проста таму, што "не хочуць". І рашэнне гарвыканкаму №881 робіцца невыканальным. Адпаведна, заяўкі на любыя непажаданыя для ўладаў акцыя не будуць задаволеныя. Парушаюцца нашы правы на свабоду выказвання сваіх меркаванняў, з аднаго боку. А з другога – нас саштурхоўваюць у неправавое поле: схіляюць да правядзення несанкцыянаваных акцый, гэта значыць, да адміністрацыйных правапарушэнняў".

Ян Дзяржаўцаў будзе абскарджваць адмову ў вышэйшай арганізацыі– звернецца ў абласны выканаўчы камітэт. Заадно ён збіраецца запатрабаваць тлумачэнняў, чаму гарадскія ўлады прымаюць такія рашэнні, якія апрыёры немагчыма выканаць.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства