Прыярытэтам «Справаводства па-беларуску!» у 2013 годзе вызначана пашырэнне беларускай мовы у спорце, рэкламе, грамадскім абслугоўванні і сацыяльных сетках
Грамадзянская ініцыятыва «Справаводства па-беларуску!» накіравала ва ўсе адміністрацыі (выканкамы) гарадоў, раёнаў і абласцей прапановы па пашырэнню выкарыстання беларускай мовы.
Каардынатар кампаніі Ігар Случак і яго паплечнікі кожны год звяртаюцца да прадстаўнікоў мясцовага кіравання і самакіравання з прапановай прасоўвання беларускай мовы. «Некаторыя пункты застаюцца нязменнымі з году ў год, як, напрыклад, справаводства па-беларуску, але з’яўляюцца і новыя – матэрыяльнае заахвочванне тых, хто выкарыстоўвае беларускую мову ў справаводстве, стварэнне беларускамоўнай версіі сайта і гэтак далей. Акрамя гэтага, мэтай з’яўляецца нагадаць аб праблеме беларускай мовы і даведацца афіцыйны погляд на гэту праблему ад прадстаўнікоў мясцовых улад», - адзначыў Ігар Случак.
Ён дадаў, што прыярытэтнымі накірункамі «Справаводства па-беларуску!» у 2013 годзе з’яўляецца прасоўванне беларускай мовы ў галіне спорту, рэкламы, грамадскага абслугоўвання і сацыяльных сетках.
Ініцыятыва «Справаводства па-беларуску!» таксама звярнулася да футбольных клубаў з прапановай пашыраць выкарыстанне роднай мовы. З ФК «Гомель» заяўнікі атрымалі адказ, што ў 2012 годзе матчы агучваліся на беларускай мове, і гэта практыка працягнецца і ў 2013 годзе. Астатнія прапановы па беларусізацыі кіраўніцтва клубу агучыць перад камандай і абмяркуюць іх. Станоўча паставіліся да прапаноў ініцыятывы і ў ФК «БАТЭ», абяцаўшы, што «магчыма, у новым сезоне будуць прынятыя меры, накіраваныя на больш актыўнае выкарыстанне роднай мовы ў сферы беларускага футболу».