viasna on patreon

Становішча палітычных зняволеных у Беларусі крытычнае, свабода 40 актывістаў сур'ёзна абмежаваная

2013 2013-03-05T10:58:55+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fidh-viasna-new.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і яе сяброўская арганізацыя ў Беларусі Праваабарончы цэнтр «Вясна» выказваюць глыбокае абурэнне масавымі і сістэматычнымі актамі ціску і рэпрэсій, якім падвяргаюцца як палітычныя зняволеныя, так і людзі, абмежаваныя ў свабодзе па палітычных прычынах.

Нягледзячы на ​​тое, што 14 лютага 2013 года намеснік генпракурора Беларусі Аляксей Стук заявіў на прэс-канферэнцыі, што ўмовы ўтрымання палітычных зняволеных у турмах і калоніях Беларусі такія ж, як і ва ўсіх астатніх асуджаных, факты, сабраныя нашымі арганізацыямі, з відавочнасцю кажуць пра адваротнае.

11 чалавек, якія знаходзяцца ў зняволенні па палітычных матывах, пастаянна падвяргаюцца пакаранням, якия рэзка пагаршаюць і без таго нялёгкія рэжымы іх утрымання, абмяжоўваюць іх сродкі да існавання, якасць харчавання і медыцынскай дапамогі. Пазбаўленне спатканняў са сваякамі, абмежаванне карэспандэнцыі і пастаянны ціск з мэтай атрымання прашэння пра памілаванне дапаўняюць фізічныя выпрабаванні псіхалагічнымі і набліжаюць умовы ўтрымання да жорсткага і зневажальнага чалавечую годнасць абыходжання, забароненых арт. 7 і 10 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і арт. 16 Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання. Пры гэтым абмежаваны доступ да адвакатаў, калі часцей за ўсё сустрэчы адбываюцца ў прысутнасці канвою, не дазваляе бяспечна перадаваць інфармацыю пра ўсе выпадкі ціску.

FIDH і ПЦ "Вясна" звяртаюць увагу, што акрамя 11 палітычных зняволеных, свабода шэрагу грамадзян Беларусі, якія не знаходзяцца ў месцах зняволення, у цяперашні час сур'ёзна абмежаваная з прычыны іх асуджэння або пераследу па палітычна матываваных крымінальных справах. Гэта датычыцца на момант публікацыі 40 чалавек.

У дачыненні да 25 памілаваных і вызваленых датэрмінова палітычных зняволеных, пасля іх выхаду на волю ў 2011-2012 гг., не была пагашаная судзімасць, што пазбаўляе іх шматлікіх грамадзянскіх і палітычных правоў, у тым ліку балатавацца на выбарах ці займаць пасаду дзяржаўнага служачага. Яны знаходзяцца на прафілактычным уліку органаў унутраных спраў, які дазваляе супрацоўнікам міліцыі рэгулярна наведваць іх. Пры прыцягненні да адміністратыўнай адказнасці тройчы на ​​працягу года ім пагражае ўстанаўленне прафілактычнага нагляду, з больш сур'ёзнымі абмежаваннямі і магчымасцю паўторнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі.

Так, у дачыненні да трох актывістаў на падставе адміністратыўных спагнанняў, вынесеных судамі ў сувязі з іх грамадскай дзейнасцю ў 2012 г., быў устаноўлены прафілактычны нагляд з боку органаў унутраных спраў. Гэта азначае, што яны абавязаныя знаходзіцца дома ў начны час, не могуць выязджаць за межы населенага пункта без дазволу адказнага органа, на іх распаўсюджваецца шэраг забаронаў, у тым ліку на наведванне публічных месцаў і інш., што істотна абмяжоўваюць іх свабоду. Парушэнне гэтага рэжыму можа пацягнуць паўторнае прыцягненне да крымінальнай адказнасці і пазбаўленне волі. Выпадкі Васіля Парфянкова, у траўні 2012 прысуджанага да 6 месяцаў арышту, або Паўла Вінаградава, 28 лютага прысуджанага да 7 сутак арышту за парушэнне рэжыму прафілактычнага нагляду, паказваюць, што гэтая пагроза цалкам рэальная.

FIDH і ПЦ "Вясна" прадстаўляюць аналітычную запіску, якая наглядна дэманструе сістэматычныя рэпрэсіўныя дзеянні ў дачыненні да асобаў, якія адбываюць і ўжо адбылі пакаранне за сваю палітычную ці праваабарончую дзейнасць. Гэты дакумент быў перададзены Спецыяльнаму дакладчык у па Беларусі пры Савеце па правах чалавека ААН, Еўрапейскаму камісару па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфану Фюле, адпаведным тэматычным інстанцыям ААН, АБСЕ і іншым міжнародным механізмам па абароне правоў чалавека.

«Пасля хвалі рэпрэсій, якая ўзнялася пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 г., уладам Беларусі ўжо мала проста адправіць чалавека ў турму за яго палітычную альбо грамадзянскую дзейнасць, ім трэба маральна растаптаць, зняважыць чалавека. Для дасягнення гэтых мэтаў улады не грэбуюць ніякімі метадамі ціску: ад прымянення дысцыплінарных спагнанняў і абмежаванняў да арганізаваных правакацый з боку іншых зняволеных», - заявіў Валянцін Стэфановіч, намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна".

«Сабраныя матэрыялы несумненна даказваюць, што, сурова караючы за любыя актыўныя праявы іншадумства, рэжым не толькі не мяняе сваю палітыку, але і не задавальняецца дасягнутым», - заявіла Суэр Белхасэн, Прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH). «Пазбаўленыя свабоды людзі працягваюць заставацца мішэнню рэпрэсій, а тыя, хто ўсё ж такі выйшаў на волю, працягваюць заставацца закладнікамі ўладаў, у любую хвіліну рызыкуючы зноў апынуцца за калючым дротам. Мэта ўладаў - выкарыстаць жыццё і свабоду актывістаў для палітычнага гандлю, а таксама паспрабаваць прадухіліць іх вяртанне да нармальнага жыцця ў выпадку вызвалення », адзначыла Суэр Белхасэн.

Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончы цэнтр «Вясна» патрабуюць ад уладаў краіны спыніць гэтую ганебную практыку; вызваліць і зняць судзімасць з усіх незаконна асуджаных, а таксама перагледзець справы, у якіх відавочны палітычны складнік, і зняць з раней вызваленых ахвяраў палітычна матываванага пераследу ўсе абмежаванні ў правах.

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства