Байцы спэцназу міліцыі затрымалі лідэра партыі БНФ Вінцука Вячорку
На працягу некалькіх гадзінаў была абложана сядзіба Партыі БНФ супрацоўнікамі АМАПу, якія дзяжурылі каля ўваходу ў памяшканьне. Калі прыкладна ў 19-30 Вінцук Вячорка разам з 9-гадовай дачкой выйшлі зь сядзібы і селі ў аўтамабіль намесніка лідэра партыі Аляксея Янукевіча, за імі была арганізаваная пагоня. На працягу некаторага часу Вячорку з дачкою ўдавалася хавацца ад АМАПаўцаў. А ў 22-20 Вінцук Вячорка быў арыштаваны каля ўваходу ў сваю кватэру. Яны чакалі яго каля пад’езду дома і на лесьвіцы каля дзьвярэй кватэры. Спэцназаўцы паведамілі Вячорку, што ён затрыманы і адвезьлі яго ва ўпраўленьне міліцыі Савецкага раёну Менску.
У Савецкім РУУС паведамілі, што Вінцук Вячорка сярод затрыманых ня лічыцца, параілі зьвяртацца ў іншыя аддзелы міліцыі.
Улады, відаць, вырашылі перастрахавацца і ізаляваць палітычных лідэраў задоўга да акцыі 25 сакавіка. Учора адбылося паседжаньне аргкамітэту акцыі 25 сакавіка, на якім былі зацьверджаныя сцэнар і арганізацыйная пытаньні падрыхтоўкі акцыі. Безь Вінцука Вячоркі акцыю будзе падрыхтаваць складана.
Учора таксама затрымалі і палітыка Вячаслава Сіўчыка. Супрацоўнікі міліцыі схапілі апазыцыйнага палітыка на плошчы Якуба Коласа ў Менску. Міліцыянты патлумачылі Сіўчыку, што ён нібыта падобны на рабаўніка, які знаходзіцца ў вышуку. У 21.30 Вячаслава Сіўчыка адвезьлі ва ўпраўленьне ўнутраных спраў Савецкага раёну Менску.
Як паведаміла Радыё Свабода Галіна Сіўчык, яна атрымала інфармацыю з Акрэсьціна, маўляў, і Сіўчык, і Вячорка там. Паводле яе словаў, на Акрэсьціна езьдзілі супрацоўнікі АБСЭ, якім паведамілі, што палітыкі затрыманыя. Дзяжурныя Акрэсьціна інфармацыю не пацьвярджаюць.