Маці затрыманага актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзяніса Дзянісава атрымала адказ на свой зварот у Пракуратуру Віцебскай вобласці
У сваім звароце Дзянісава спасылалася на адсутнасьць падставы для ўтрыманьня Дзяніса пад вартай. Ёй патлумачана, што Дзянісаў “сумесна з іншымі асобамі ў колькасьці не меней 25 чалавек, якія мелі пры сабе больш за 1000 улётак, 17.06.2006 у вячэрні час быў затрыманы пры замаху на правядзеньне незаконнай акцыі “Бунт” каля Летняга амфітэатру ў Віцебску. 19.06. у дачыненьні Д. Дзянісава і іншых асобаў была ўзбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 14 і частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх)”. Такім чынам, следчыя спрабуюць падвесьці справу да магчымасьці грубага парушэньня парадку, што можа завяршыцца для Дзянісава пазбаўленьнем волі да 3 гадоў. Як паведамляецца ў адказе пракуратуры, тэрмін следства па справе Дзянісава устаноўлены да 16 сакавіка, а для ўтрыманьня актывіста ў ізалятары маюцца прадугледжаныя законам падставы.
Нагадаем, што затрымалі Дзяніса Дзянісава 16 лютага ў цягніку, які ехаў у Гомель. Спачатку актывіста трымалі ў Гомельскім сьледчым ізалятары, потым перавезьлі ў Віцебскі сьледчы ізалятар №2. Маці Дзяніса Дзянісава таксама патлумачана, што для атрыманьня дазволу на сустрэчу з абвінавачаным, неабходна звяртацца да следчага.