Старшыню Быхаўскага райвыканкама здзівіў заробак даярак
Старшыня Быхаўскага райвыканкама Дзмітрый Калееў і старшыня мясцовага райсавета днямі пабывалі з інспекцыйнай паездкай на жывёлагадоўчых аб’ектах філіала “Макранскі” ААТ “Быхаўскі кансерва-гародненасушыльны завод”.
Падчас наведвання фермы “Мокрае” гэтага сельгаспрадпрыемства Дзмітрый Калееў сустрэўся з даякамі і пацікавіўся ў іх, “ ці атрымліваюць яны годную ўзнагароду за сваю працу”, паведамляе інтэрнэт-сайт газеты “Маяк прыдняпроўя”.
Даяркі азнаёмілі старшыню райвыканкама з памерам сваіх заробкаў: “яны панаракалі, што заробак у іх невысокі, 1300-1800 тысяч рублёў, а працаваць даводзіцца шмат”.
Кіраўнік раённай вертыкалі на зварот даярак змог толькі падкрэсліць, “што задача кіраўнікоў гаспадарак зацікавіць працаўнікоў у добрасумленным выкананні сваіх абавязкаў, працы на вынік, атрыманні імі годнай зарабатнай платы”.
Вельмі сумна, што кіраўнік Быхаўскага раёна не ведае аб сапраўдных заробках даярак у падначаленых яму сельгаспрадпрыемствах і не можа адказаць канкрэтна, калі яго падвысяць хоць бы да мінімальнага ўзроўню, прадугледжанага беларускім заканадаўствам. Да таго ж для працаўнікоў вёскі не з’яўляецца сакрэтам, што часцяком у сельгаспрадпрыемствах даяркі вымушаны працаваць з парушаным графікам выходных і ненармаваным працоўным днём, працягласць іх працоўнага часу значна перавышае устаноўленую беларускім заканадаўствам норму.
Неабходна адзначыць, што філіал “Макранскі” ААТ “Быхаўскі кансерва-гародненасушыльны завод” лічыцца ў Быхаўскім раёне далёка не горшай гаспадаркай.
Нагадаем, што наш сайт днямі ўжо распавядаў пра тое, што ў іншай гаспадарцы Быхаўскага раёна – СВК “Валадарскага” – даяркі былі вымушаны красці малако, каб пракарміць дзяцей. Там даяркі за сваю нялёгкую працу таксама атрымліваюць заробак у памеры 1300-1600 тысяч рублёў.
Нагадаем, што з 1 лютага мінімальны спажывецкі бюджэт у Рэспубліцы Беларусь складае 1 457 850 рублёў, з 1 студзеня 2013 года мінімальны заробак у нашай краіне вызначаны ў памеры 1 395 000 рублёў.