У Быхаўскім раёне даяркі вымушаны красці, каб пракарміць дзяцей
Днямі ў будынку Ямніцкага сельвыканкама адбылося выязное пасяджэнне суда Быхаўскага раёна пад старшынствам Дзмітрыя Гудына. Як паведаміў інтэрнэт-сайт раённай газеты “Маяк прыдняпроўя”, на пасяджэнні разглядалася справа чатырох даярак СВК “Валадарскі”, якія 12 студзеня спрабавалі скрасці з фермы ў вёсцы Ямнае 10 літраў малака.
Першым суд разглядзеў пратакол на Таццяну Караленка, якая ўжо больш за дваццаць гадоў працуе даяркай у СВК “Валадарскага” і ніколі раней у падобных крадзяжах заўважана не была. Як прызналася даярка, 12 студзеня яна сапраўды ўзяла з фермы два літры малака для дзяцей, бо зарплата маленькая – адзін мільён трыста тысяч рублёў – і грошай не хапае нават на пакупку неабходных прадуктаў харчавання.
Аналагічныя прычыны назвалі і іншыя даяркі, якія былі заўважаны ў крадзяжах.
Неабходна адзначыць, што непасрэдны начальнік жывёлаводаў, загадчык фермы ў вёсцы Ямнае Сяргей Новікаў ахарактэрызаваў усіх правініўшыхся даярак, як добрых, добрасумленных, працавітых работнікаў, якія раней ніколі не былі заўважаны ў крадзяжах.
З тым, што зарплата ў працаўнікоў жывёлагадоўлі, “зразумела, маленькая”, пагадзіўся і намеснік начальніка Быхаўскага РАУС Аляксандр Анфісаў, аднак гэта не з’яўляецца падставай для крадзяжоў.
Па выніках разгляду справы суддзя Дзмітрый Гудына пакараў кожную з заўважаных у крадзяжы малака жанчын штрафам у памеры 10 базавых велічынь (1 000 000 рублёў).
Застаецца незразумелым, якім чынам будуць харчавацца і карміць сваіх дзяцей правініўшыеся жывёлаводы, калі заплацяць мільённыя штрафы пры заробку ў 1 300 000 рублёў.
Параца даяркі ў сельскай гаспадарцы лічыцца вельмі складанай, яна патрабуе вялікіх высілкаў і затрат працы.
Застаецца нагадаць, што, на думку кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, даяркі ў Рэяпубліцы Беларусь атрымліваюць зароб у памеры 700 – 1000 долараў ЗША. З 1 студзеня 2013 года мінімальны заробак у нашай краіне вызначаны ў памеры 1 395 000 рублёў.
На жаль, сапраўдныя заробкі даярак у многіх сельгаспрадпрыемствах нашай краіны такія, што людзі вымушаны красці, каб неяк пракарміць сваіх дзяцей.