viasna on patreon

Адразу двух гомельскіх студэнтаў спрабавалі завербаваць супрацоўнікі спецслужб

2007 2007-03-09T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У лютым гэтага года студэнта 3-га курсу юрыдычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Ігара Случака выклікалі ў дэканат. Там яго чакаў незнаёмец, які прадставіўся капітанам КДБ Сяргеем Пырхам. Ігар Случак распавёў, што візіцёр "спрабаваў мяне завербаваць, каб я даносіў на выкладчыкаў, студэнтаў, у каго якія погляды, хто куды збіраецца з'ехаць. Я адмовіўся ад усяго гэтага. І тады ён сказаў: ледзь што, я патэлефаную вам яшчэ. Я адказваю, што нікуды не збіраюся хадзіць. Тады ён пачаў нервавацца, крычаць: "прыйдзеш як міленькі". Абражаны нахабствам спецслужб, Ігар напісаў заяву на імя начальніка Гомельскага абласнога ўпраўленьня КДБ. Будучы юрыст прасіў яго разабрацца ў правамернасьці дзеяньняў капітана Пырха. Адказ з КДБ дагэтуль не паступіў.

На аналагічны запыт чакае адказу і студэнт Гомельскага тэхнічнага ўніверсітэта Іван Сяргееў. Пару тыдняў назад супрацоўнікі спецслужбаў шляхам шантажу вымусілі яго падпісаць заяву аб супрацоўніцтве. У выпадку адмовы маладому чалавеку пагражалі выключэньнем з універсітэта.

На павелічэньне фактаў вярбоўкі адрэагавала пакуль толькі гомельская арганізацыя Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП), якая накіравала шэраг заяў у абласную пракуратуру, дзе просіць спыніць дзеяньні КДБ па ціску на моладзевых актывістаў. Старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў лічыць, што спецслужбы ў апошні час сталі дзейнічаць адкрыта парушаючы закон.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства