Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў пры дыскрымінацыю беларускай мовы ў Беларусі
Дзярждэпартамэнт ЗША апублікаваў чарговую справаздачу аб выкананьні правоў чалавека ў сьвеце. Прапануем вашай увазе пераказ найбольш важных палажэньняў разьдзела справаздачы, прысьвечанага Беларусі.
Прэзыдэнцкія выбары не адпавядалі міжнародным стандартам
У справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША зазначаецца, што прэзыдэнцкія выбары 19 сакавіка, у выніку якіх А. Лукашэнка быў абвешчаны прэзыдэнтам на чарговы трэці тэрмін, не адпавядалі міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў. Улады працягваюць ігнараваць рэкамэндацыі буйных міжнародных арганізацыяў што да ўдасканаленьня выбарчага працэсу і паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека. Цывільныя ўлады звычайна захоўвалі дзейсны кантроль над сіламі бясьпекі, аднак прадстаўнікі сілаў бясьпекі неаднаразова парушалі правы чалавека.
Паслужны сьпіс уладаў у галіне правоў чалавека заставаўся вельмі дрэнны, а ў некаторых аспэктах нават пагоршыўся, бо ўлады і надалей часта ўчынялі сур’ёзныя парушэньні. У сакавіку ўлады адмовілі грамадзянам права на дэмакратычную зьмену ўладаў, правёўшы сфальшаваныя прэзыдэнцкія выбары. На працягу выбарчай кампаніі і некалькіх месяцаў пасьля выбараў актывістаў апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку чатырох мясцовых назіральнікаў і былога кандыдат у прэзыдэнты, зьбівалі, запалохвалі, штрафавалі і пазбаўлялі свабоды.
Праходзілі судовыя паседжаньні з прадвызначаным вынікам
Улады ня здолелі даць тлумачэньне ў справе колішніх зьнікненьняў апазыцыйных палітычных дзеячоў і журналістаў. Умовы ў турмах былі надзвычай дрэнныя, неаднаразова паведамлялася пра зьдзекі са зьняволеных і затрыманых. Звычайнай справай былі адвольныя арышты, затрыманьні і зьняволеньні грамадзянаў з палітычных прычынаў – за крытыку ўладаў або ўдзел у дэманстрацыях. Судовыя паседжаньні, вынік якіх звычайна быў прадвызначаны, часта праводзіліся за зачыненымі дзьвярмі без магчымасьці ўдзелу незалежных судзьдзяў або незалежных назіральнікаў.
Працягвалася абмежаваньне грамадзянскіх свабодаў
Улады надалей абмяжоўвалі грамадзянскія свабоды, у тым ліку свабоду друку, слова, сходаў, асацыяцыяў і рэлігіі. Улады адвольна канфіскоўвалі друкаваныя матэрыялы ў актывістаў грамадзянскай супольнасьці і зачынялі незалежныя газэты або абмяжоўвалі іх пашырэньне. На нешматлікія ацалелыя незалежныя выданьні часта накладаліся штрафы, звычайна паводле абвінавачаньня ў паклёпе або за невыкананьне жорсткіх працэдураў рэгістрацыі. Дзяржаўныя службы бясьпекі ўжывалі неапраўданую і часта грубую сілу для разгону удзельнікаў мірных пратэстаў. Няўрадавыя арганізацыі (NGO) і палітычныя партыі зазнавалі запалохваньні, штрафы, цкаваньне і закрыцьцё.
Рэлігійных лідэраў штрафавалі або пазбаўлялі свабоды за выкананьне багаслужбаў і абрадаў, а цэрквы зачынялі, пазбаўлялі рэгістрацыі або выганялі з займаных імі будынкаў. Кантрабанда людзьмі заставалася сур’ёзнай праблемай, хоць у барацьбе зь ёй быў дасягнуты пэўны прагрэс. Існавала афіцыйная дыскрымінацыя цыганоў, этнічных і сэксуальных меншасьцяў, а таксама беларускай мовы. Улады чынілі перасьлед незалежных прафсаюзаў і іх сяброў, жорстка абмяжоўваючы магчымасьці рабочых ствараць незалежныя прафсаюзы або ўступаць у іх і весьці калектыўныя перамовы з працадаўцамі.
Міжнародная супольнасьць выказвала сваю заклапочанасьць
У справаздачы Дзярждэпартамэнту прыгадваюцца ацэнкі, дадзеныя палітыцы Беларусі ў галіне правоў чалавека міжнароднай і эўрапейскай супольнасьцю.
У сьнежні 2006 году генэральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю, у якой выказваецца скрайняя заклапочанасьць становішчам з правамі чалавека ў Беларусі, у рэзалюцыі ўтрымліваўся заклік да беларускага ўраду правесьці свабодныя і справядлівыя выбары і спыніць палітычна матываваны перасьлед палітычных апанэнтаў. У красавіку 2005 году камісія ААН у правох чалавека прыняла рэзалюцыю, у якой канстатаваўся кепскі стан правоў чалавека ў Беларусі, ўтрымліваўся заклік да беларускіх ўрадаў правесьці аб’ектыўнае дасьледаваньне зьнікненьняў Зьміцера Завадскага, Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага (аналягічныя рэзалюцыі былі прынятыя раней – у 2003 і 2004 гадах). Справаздача Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы заклікала адхіліць ад пасадаў службовых асобаў, падазраваных у датычнасьці да гэтых зьнікненьняў. Камісія ААН у правах чалавека таксама заснавала пасаду адмысловага дакладчыка па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, паведамляе Радыё Свабода.