viasna on patreon

Актор Павал Харланчук праз суд дамагаецца аднаўленьня на працы

2007 2007-03-06T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Маскоўскага раёну г. Мінску працягваюцца слуханні па справе аб аднаўленні на працы Паўла Харланчука, актора Рускага тэатру. Чарговае паседжанне адбудзецца 17 сакавіка ў 14.00. Справу вядзе суддзя З. Шастакоў.

Слуханні па зыску П. Харланчука да Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру ім. М. Горкага аб аднаўленні на працы пачаліся ў чацьвер, 1 сакавіка.

Нагадаем, што Павал Харланчук, удзельнік акцыяў пратэсту 19-25 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, герой кнігі “Верым! Можам! Пераможам!”, быў звольнены ў снежні 2006 году. Звальненню папярэднічала адхіленне вядучага актора і рэжысёра НАДТ ад удзелу ў спектаклях. Справа атрымала шырокі розгалас пасля таго, як у верасні на адно з паседжанняў трупы, каб “разабрацца ў сітуацыі” прыйшлі міністар культуры Ул. Мацьвейчук і яго намеснік Ул. Рылатка. На гэтай сустрэчы міністар заявіў: “Хто за прэзідэнта – той у тэатры!”, на што трупа адрэагавала гучным свістам.

Афіцыйная фармулёўка звальнення - “у зьвязку з неадпаведнасцю П. Харланчука займаймай пасадзе актора вышэйшай катэгорыі”. Але сапраўдная прычына, па словах Паўла, яго палітычныя паракананні. Ён быў затрыманы разам у астатнімі удзельнікамі намётавага мястэчка ў ноч з 23 на 24 сакавіка 2006 году і арыштаваны на 10 сутак. Палітычныя прычыны звальнення падцьвярджаюць і дакументы, якія суправаджалі цкаванне актора ў тэатры. Напрыклад, ў атэстацыйнай характарыстыцы, якую напісаў мастацкі кіраўнік тэатру Б. Луцэнка, адзначана: “у сакавіку 2006 году Харланчук прыняў удзел у акцыі, скіраванай супраць дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь. За свае дзеянні П. Харланчук быў прыцягнуты праваахоўчымі ворганамі да адміністратыўнай адказнасці. Харланчук П. парушыў маральныя падмуркі тэатру і не прызнаў зробленую ім памылку.” На падставе гэтага дакумента актор ня быў атэставаны.

Сведкі, выкліканыя тэатрам, настойвалі, што Павал быў звольнены за тое, што сваёй адсутнасцю ён “сарваў” два спектаклі, дзе павінен быў выконваць галоўныя ролі. У гэты час Харланчук адбываў адміністратыўны арышт у спецпрыёмніку-размеркавальніку на вул. Акрэсціна. У выніку – спектаклі былі замененыя на іншыя. Аднак усе супрацоўнікі тэатру на судзе адзначалі, што такія замены здараюцца, напрыклад, па хваробе аднаго з актораў. Пасля звальнення Харланчуку не была прапананваная ніякая іншая праца ў тэатры з тых вакансій, якія меліся на той час.

“Павал самы таленавіты актор нашага тэатру, які цалкам адпавядае высокаму званню артыста. Роўнай яму замены няма і страты тэатру з яго звальненнем могуць быць яшчэ большыя,” – сказаў падчас адказаў на пытанні суддзі пастаноўшчык тэатра Аляксандар Ткачонак.

П. Харланчук і яго адвакат па ранейшаму настойваюць на прызнанні звальнення незаконным. У залі суда прысутнічалі родныя, актрыса Ганна Южакова, студэнты, сябры і журналісты.

Марыя САВУШКІНА

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства