Сяргей Рыжоў лічыць, што яго пераследуюць за палітычныя погляды
Стваральнік незарэгістраванай партыі "Белая русь", жыхар Віцебску Сяргей Рыжоў вылучаў сваю кандыдатуру на мінулых прэзідэнцкіх выбарах. Пасля гэтага ён страціў працу, і зараз супраць беспрацоўнага актывіста ўжо другі раз распачалі справу за ўхіленне ад выплаты аліментаў на выхаванне непаўнагадовай дачкі.
Спадар Рыжоў зараз не проста без працы – ён ужо страціў і магчымасць атрымання сацыяльнай дапамогі па беспрацоўі. Перспектываў уладкавацца на працу, на погляд актывіста, амаль няма:
"Сітуацыя з працаўладкаваннем складаецца проста трагікамічная. Наймальнікі ўпадаюць у ступар, калі бачаць мяне з накіраваннем на працу на іх вакансіі. Тады дырэктары проста выкрэсліваюць вакансію. Ці пішуць у накіраванні, што адмаўляюць, матывуючы"неадпаведнасцю кваліфікацыі". І нешта кажуць пра тое, што я "мушу іх зразумець!"
Пытанне пра аліменты на выхаванне непоўнагадовай дачкі паўставала і раней. Мінулым разам Сяргею Рыжову пачалі выплочваць дапамогу па беспрацоўі, і гэта, як ён кажа, "прыпыніла справу, але ненадоўга".
Сяргей Рыжоў тлумачыць нежаданне кіраўнікоў віцебскіх прадпрыемстваў узяць яго на працу выключна сваёй палітычнай актыўнасцю.