Аршанская грамадскасць патрабуе выканання закона “Аб ахове спадчыны”
Аршанскае маладзёжнае грамадскае аб'яднанне "Звяз" афіцыйна звярнулася да гарадскіх служб Оршы з патрабаваннем прыняць належныя мерах па захаванні былога манастыра Фрацысканцаў. Гэта гісторыка-культурная каштоўнасць 18 стагоддзя сёння знаходзіцца ў дрэнным стане і можа сама разбурыцца, калі цяпер не праявіць да яе ўвагі.
У лісце, які “звязаўцы” адрасавалі на імя кіраўніцтва камунальнай службы горада “Оршакамгас”, патрабуецца правесці дадатковую кансервацыю будынка. Папярэдняя кансервацыя аказалася ненадзейнай. Невядомыя лёгка адарвалі дошкі і фанерныя лісты, якімі былі закалочаныя вокны і дзверы, пасля чаго будынак часта наведваюць бамжы, якія ўнутры помніка распальваюць вогнішча. “Звязаўцы” прапануюць закласці праёмы цэглай.
Яшчэ адзін ліст адрасаваны начальніку Аршанскага ГАУС. У ім грамадскія актывісты прапануюць скарэктаваць маршрут міліцэйскага патруля па вуліцы Савецкай так, каб супрацоўнікі міліцыі, патрулюючы вуліцу, аглядалі будынак францысканскага манастыру, не дазваляючы яму пераўтварыцца ў месца для збораў асацыяльных асобаў.
На думку “звязаўцаў”, такія меры не пацягнуць вялікіх фінансавых выдаткаў, але рэальна дапамогуць у захаванні помніка да яго будучай рэстаўрацыі.