viasna on patreon

Беларусь ігнаруе рашэньні КПЧ ААН (+відэа)

2013 2013-01-28T15:21:32+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/levinau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Павел Левінаў

Праваабаронца Павел Левінаў

Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь адмаўляецца прызнаваць рашэньні Камітэту па правох чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў. Пра гэта было паведамлена віцебскаму праваабаронцу Паўлу Левінаву, які зьвяртаўся ў МЗС з просьбай інфармаваць яго пра тэрміны, у якія будзе выкананае рашэньне камітэту наконт яго зваротаў, прынятае на 105-й сэсіі камітэту ў ліпені 2012 году.

Павал Левінаў зьвяртаўся ў Камітэт па правох чалавека пасьля неаднаразовых забаронаў з боку Віцебскага гарвыканкаму ладзіць яму пікеты. Перад тым ён спрабаваў абскардзіць гэтыя забароны ў беларускіх судох, але марна. Праваабаронцам было накіравана ў КПЧ  дзевяць паведамленьняў, адпаведна колькасьці забароненых пікетаў. З прычыны істотнага фактычнага і юрыдычнага падабенства ўсіх гэтых паведамленьняў, камітэт пастанавіў аб'яднаць іх. Вэрдыкт КПЧ ААН, прыняты адносна зваротаў Паўла Левінава: пазбавіўшы аўтара зваротаў права вольна распаўсюджваць інфармацыю і ідэі, Беларусь парушыла частку 2 артыкулу 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох.

«Дзяржава-удзельнік абавязаная забясьпечыць аўтара эфэктыўным сродкам прававой абароны, які павінен уключаць у сябе кампэнсацыю, а таксама пакрыцьцё юрыдычных выдаткаў, сплачаных аўтарам. Камітэт прапануе дзяржаве-удзельніку перагледзець адпаведнае заканадаўства аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў у мэтах прывядзеньня яго ў адпаведнасьць з патрабаваньнямі артыкулу 19 Пакту. Дзяржава-удзельнік мусіць таксама забясьпечыць, каб гэткія парушэньні не паўтараліся ў будучыні», – абвяшчаецца ў рашэньні КПЧ ААН па зваротах Паўла Левінава.

Камітэт прасіў беларускія ўлады цягам 180-ці дзён даць інфармацыю пра зробленыя захады па ажыцьцяўленьні сфармуляванай камітэтам пазыцыі, а таксама апублікаваць гэтую пазыцыю і забясьпечыць яе распаўсюд на тэрыторыі краіны на расейскай і беларускай мовах.

180 дзён, адведзеных камітэтам на выкананьне яго рашэньня, мінула. Нічога з таго, што належала, беларускія ўлады не зрабілі. Ніякай кампэнсацыі Павал Левінаў не атрымаў, і, вядома, заканадаўства аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў не было зьмененая.

На жаль, гэта стала ўжо завядзёнкай, што ўлады краіны папросту не зважаюць на рашэньні КПЧ ААН. Але цяпер яны пайшлі далей, чымся звычайна. Падчас разьбіральніцтва па справе ў камітэце ў ліставаньні з апошнім беларускі бок заявіў, што ён лічыць паведамленьні Паўла Левінава зарэгістраванымі нібыта ў парушэньне палажэньняў Факультатыўнага пратаколу, таму, маўляў, для іх разгляду дзяржавай-удзельнікам не існуе законных падстаў. Было заяўлена, што дзяржавы-ўдзельнікі не абавязаныя прызнаваць правілы працэдуры камітэту і тлумачэньне імі палажэньняў пратаколу, і што рашэньні, прынятыя камітэтам наконт гэтых паведамленьняў, улады будуць лічыць «несапраўднымі».

Такое беспрэцэдэнтнае стаўленьне Беларусі да рашэньняў КПЧ знайшло сваё адлюстраваньне ў выніковым дакумэнце камітэту па справе:  «Камітэт нагадвае, што пункт 2 артыкулу 39 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох дазваляе яму ўсталёўваць свае ўласныя правілы працэдуры, якія дзяржавы-удзельнікі пагадзіліся прызнаваць. Камітэт адзначае далей, што, зьяўляючыся ўдзельнікам Факультатыўнага пратаколу, дзяржава – удзельнік Пакту прызнае кампэтэнцыю Камітэту па правох чалавека атрымліваць і разглядаць паведамленьні асобаў, якія сьцьвярджаюць, што яны зьяўляюцца ахвярамі парушэньняў любога з правоў, вызначаных у Пакце (прэамбула і артыкул 1). З факту далучэньня дзяржавы да Пратаколу вынікае, што дзяржава бярэ на сябе забавязаньне добрасумленна супрацоўнічаць з Камітэтам».

«Любыя дзеяньні, што прадпрымаюцца дзяржавай-удзельнікам, якія перашкаджаюць Камітэту ў справе разгляду і вывучэньня паведамленьняў, а таксама ў паведамленьні сваіх меркаваньняў, або робяць гэтыя дзеяньні Камітэту нікчэмнымі, зьяўляюцца несумяшчальнымі з гэтымі забавязаньнямі. Камітэт сам мае права вызначаць, ці рэгістраваць тую ці іншую справу. Камітэт адзначае, што непрызнаньне кампэтэнцыі Камітэту ў пытаньнях вызначэньня таго, ці трэба рэгістраваць тое ці іншае паведамленьне, як і наўпроставая заява пра тое, што дзяржава-удзельнік ня прыме паведамленьне Камітэту пра прымальнасьць і па сутнасьці паведамленьня, зьяўляецца парушэньнем забавязаньняў дзяржавы-удзельніка ў адпаведнасьці з артыкулам 1 Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох», – падкрэсьліваецца ў рашэньні КПЧ ААН.

Пакуль усе спробы аўтарытэтнага воргану Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў неяк дагрукацца да беларускіх уладаў і пераканаць іх выконваць ўзятыя на сябе ў рамках міжнародных пагадненьняў забавязаньні застаюцца марным лямантам. Улады непахісна стаяць на сваім: «Вашы паведамленьні былі зарэгістраваныя Камітэтам па правох чалавека ў парушэньне... Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох... Камітэт праінфармаваны пра тое, што рашэньні, прынятыя па паведамленьнях, зарэгістраваных у парушэньне Факультатыўнага пратаколу, будуць лічыцца несапраўднымі», – гаворыцца ў лісьце Паўлу Левінаву зь Міністэрства замежных спраў.

"Віцебская Вясна"

 

Беларусь ігнаруе рашэньні КПЧ ААН (+відэа)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства