“Вянец кар’еры” былога палітвязня Сяргея Марцалева
Грамадскага актывіста Сяргея Марцалева міліцыя прымушае ўладкавацца грузчыкам. Ён быў асуджаны за ўдзел у Плошчы 2010 года да 2 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду. Падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў Марцалеў кіраваў выбарчым штабам кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча.
Спробы знайсці працу, якая б адпавядала ўзроўню яго адукацыі, на працягу 2 гадоў не мелі поспеху. Сяргей Марцалеў спачатку вучыўся на факультэце міжнародных зносін БДУ, а пасля адлічэння за палітычную дзейнасць скончыў універсітэт у Польшчы, у Познані, па спецыяльнасці паліталогія. Зараз ён з'яўляецца сябрам праўлення арганізацыі "Цэнтр па правах чалавека"
- Спрабаваў знайсці працу ў рэкламным агенцтве або ў якасці маркетолага. Мая асноўная спецыяльнасць – палітычны маркетынг. Гэта менавіта тое, з-за чаго мяне запрасіў Мікалай Віктаравіч на сваю апошнюю выбарчую кампанію, а таксама тое, чым я зарабляў сабе на хлеб да гэтага часу. Я магу працаваць і ў камерцыйнай рэкламнай канторы, бо там прынцыпы працы тыя ж самыя. Але з маім CV – там каля 12 нацыянальных выбарчых кампаній і яшчэ судзімасць – туды дарогі няма. А міліцыя вельмі настойліва патрабуе ад мяне працаўладкавання.
Па словах Сяргея Марцалева, нават з працаўладкаваннем грузчыкам узнікаюць праблемы. "Я на тэрыторыі Беларусі практычна не працаваў. 7 год жыў за мяжой, працоўная кніжка не заведзена. Таму добра разумею дырэктарку крамы, куды ўладкоўваюся на працу: «вумнічаю» шмат, а працоўнай кніжкі не маю, да таго ж і судзімы. Але ўжо скончыў афармленне дакументаў і праз пару дзён пачну працаваць. Вось такі "вянец кар'еры". У 26 гадоў быў дарадцам шэфа палітчнага кабінета віцэ-прэм'ера Польшчы, а зараз пачну рухацца па іншаму шляху. Можа гэта і карысна – акунуцца ў глыбіню народнага жыцця," - кажа Сяргей Марцалеў.