Віцебская апазіцыя аб’ядналася, каб адзначыць Дзень Волі разам
У Віцебску створаная кааліцыя па супольным сьвяткаваньні Дня Волі 25 сакавіка. У склад кааліцыі ўвайшлі большасьць апазыцыйных палітычных сіл, што дзейнічаюць на тэрыторыі вобласьці: Партыя БНФ, Рух «За свабоду», Аб’яднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і незарэгістраваная БСДП (Народная Грамада). Старшынём кааліцыі абраны Леанід Аўтухоў, кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ.
Удзельнікі кааліцыі прынялі рашэньне ў Дзень Волі зладзіць мітынг. Адпаведная заяўка на яго правядзеньне будзе пададзеная ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну Віцебску. Мітынг мусіць адбыцца ў месцы, адведзеным уладамі пад масавыя мерапрыемствы, – у парку чыгуначнікаў, побач са стадыёнам «Лякаматыў». Мяркуецца, што ў акцыі возьмуць удзел дзясяткі жыхароў Віцебску.