Беларускі дом у Празе адкрыў свой сайт
Лёзунг сайта www.beldom.cz — «Быць
беларусам прэстыжна і высакародна». Пра гэта БелаПАН паведаміла кіраўніца
рэсурсу Натальля Маковік.
Паводле яе, галоўная мэта сайту — прыцягнуць беларусаў, якія жывуць
у Чэхіі, да беларускіх праектаў. «У краіне жыве 4.129 грамадзян
Беларусі. І толькі некалькі дзясяткаў прымаюць удзел у акцыях
падтрымкі палітзьняволеных або цікавяцца беларускімі мерапрыемствамі
ў галіне культуры. Мы хочам гэтую сытуацыю зьмяніць», —
адзначыла Маковік.
Яна распавяла, што сайт www.beldom.cz
акумулюе зьвесткі пра ўсё, што адбываецца ў Чэхіі на беларускую тэму.
«Тут можна даведацца пра беларускамоўныя літургіі ў Празе, запісаць сваіх
дзяцей у беларускую нядзельную школу, раздрукаваць запрашэньні
на выставу „Невядомая БНР“, убачыць расклад спартыўных мерапрыемстваў
у Чэхіі з удзелам беларускіх спартоўцаў», — сказала Маковік.
Акрамя гэтага, падкрэсьліла яна, праект прапануе дапамогу беларусам:
прадпрымальнікі могуць атрымаць бясплатную кансультацыю пры рэгістрацыі фірмы,
таленавітыя фатографы — выйграць адпачынак на курорце,
а блогеры — зарабляць грошы за лепшыя артыкула пра жыцьцё
беларусаў у Чэхіі.
«Калі на вулічныя акцыі па падтрымцы беларускіх палітвязняў
у Празе будзе прыходзіць ня дзесяць, а трыста чалавек —
і гэта дзякуючы таму, што на www.beldom.cz была надрукаваная
аб’ява, — то гэта будзе перамога, — упэўнена Наталля Маковік.
— А доўгатэрміновая задача такая: з 4.129 грамадзян Беларусі,
якія жывуць у Чэхіі, толькі 2.013 назвалі сябе беларусамі,
а 826 заявілі, што іх родная мова беларуская. Мы даможамся,
каб усе 4000 чэскіх беларусаў ганарыліся тым, што яны беларусы, і лічылі
роднай мовай беларуску».