Напад на Юлю Сцяпанаву
14 студзеня каля гадзіны ночы ў Менску на актывістку “Еўрапейскай Беларусі” Юлю Сцяпанаву накінуліся двое невядомых і, паваліўшы ў снег, абрэзалі дзяўчыне валасы.
Пра гэта паведамляе ў фэйсбуку сяброўка актывісткі Вольга Нікалайчык. Напад адбыўся ля яе ўласнага пад'езда ў Мінску каля 1 гадзіны ночы 14 студзеня, калі Юля ішла дадому з аўтобуснага прыпынку. Незнаёмцы нецэнзурна лаяліся наконт яе палітычных перакананняў. У Сцяпанавай у кроў разбітая губа.
Сцяпанава пракаментавала начны напад “Еўрарадыё”: «Я ішла дадому. З-за вугла выскачылі двое. Адзін схапіў мяне за рукі ззаду, другі абрэзаў валасы - вельмі коратка. Потым кінулі ў снег тварам. Пры гэтым пагражалі і патрабавалі спыніць збіраць дапамогу для палітычных рэпрэсаваных. Я гэтым займалася праз сацыяльныя сеткі».
Юля Сцяпанава і раней атрымлівала ананімныя пагрозы, як мяркуецца, ад спецслужбаў. Яе рахунак на «Фэйсбуку» неаднаразова быў ўзламаны, а ў паштовую скрыню укідаліся лісты з пагрозамі.