viasna on patreon

Дырэктар “Аўтарадыё”: За два гады я не ўбачыў і не пачуў нічога ад палітыкаў...

2013 2013-01-10T14:34:28+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bazan-autaradyjo.jpg
Дырэктар "Аўтарадыё" Юрый Базан

Дырэктар "Аўтарадыё" Юрый Базан

12 студзеня споўніцца два гады з моманту спынення трансляцыі беларускага “Аўтарадыё”. Больш за дзесяць год незалежная радыёстанцыя праіснавала ў FM-дыяпазоне, а ў 2011-м была адключаная паводле рашэння Рэспубліканскай камісіі па тэлерадыёвяшчанні.

“Аўтарадыё” абвінавацілі ў «невыкананні творчай канцэпцыі і распаўсюдзе інфармацыі, якая змяшчае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці». “Экстрэмізм” угледзелі ў перадвыбарчых аўдыёроліках кандыдатаў на прэзідэнта-2010, у прыватнасці, у фразе Андрэя Саннікава пра тое, што “лёс краіны вырашаеца не на кухні, а на плошчы”.

Спадзеў на вяртанне ў эфір узнік у супрацоўнікаў радыё падчас абскарджання рашэння камісіі ў Вышэйшым гаспадарчым судзе, аднак у выніку яго пакінулі ў сіле. Пасля спынення трансляцыі “Аўтарадыё” яшчэ доўгі час – да 31 сакавіка 2012 года – аплачвала загадзя арандаваную частату, якую ўрэшце перадалі радыё “Сталіца”.

“Выхадам у эфір на могілках” тады назваў перавод радыё “Сталіца” на 105,1 дырэктар “Аўтарадыё” Юрый Базан. Кіраўнік радыёстанцыі да апошняга ўсімі сродкамі імкнуўся захаваць прафесійны калектыў, часткай якога былі вядомыя беларускія музыкі.

“Каб вярнуць “Аўтарадыё” ў эфір, дастаткова пераключыць усяго чатыры тумблеры, –  гаворыць Юрый Базан. – Але, баюся, цяпер гэта зусім немагчыма. Каб працавала радыёстанцыя, трэба вялізныя грошы, арэнда. Пасля спынення эфіру супрацоўнікі амаль усе недзе ўладкаваліся, хтосьці з’ехаў за мяжу... Самі ж перадатчыкі і іншае студыйнае абсталяванне я захоўваю, але, баюся, яно мне ўжо не спатрэбіцца.

“Аўтарадыё” ніколі не было палітычнай радыёстанцыяй. Нягледзячы на гэта, мы сталі адзіным закрытым пасля выбараў 2010 года сродкам масавай інфармацыі. Нічога не хачу казаць пра палітыкаў, чыю рэкламу мы размясцілі, – палітыкі заўсёды могуць патрапіць пад прэсінг за сваю дзейнасць: іх могуць прыціснуць, нават пасадзіць... Але пры чым тут мы?

За два гады я не ўбачыў і не пачуў нічога ад палітыкаў, з-за якіх нас, па сутнасці, зачынілі. Ці пусціў бы я іх праграму ў эфір зараз? Напэўна, не...”, – прызнаецца генеральны дырэктар “Аўтарадыё” Юрый Базан.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства