Мілінкевіч: 150-годдзе паўстання Каліноўскага нельга прапусціць
2013 год абвешчаны дэмакратычнай супольнасцю Беларусі годам Кастуся Каліноўскага. Пра постаць героя, яго значэнне для беларускай гісторыі і наступных пакаленняў разважае паводле просьбы БелаПАН лідар грамадскага руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч:
"Каліноўскі, без сумневу, выбітная асоба ў нашай гісторыі. І асаблівую моц гэты чалавек набірае сёння, калі мы, як гэта адбывалася і ў ягоныя часы, змагаемся за свабоду і за незалежнасць — і тое, і тое пад пагрозай. Кожны народ павінен мець сваіх герояў, свае постаці, на якія ён раўняецца. Беларусам часта бракуе не таго, што іх не было, а шкодзіць тое, што гісторыі не ведаюць. Скажам шчыра, што сёння ў школы і ўніверсітэты зноў вяртаюцца савецкія падручнікі. Яны пішуцца ў Маскве для ўсёй постсавецкай прасторы. <…> Між тым кожны народ мае права на сваю трактоўку гісторыі, на свае постаці, і гэтага нам вельмі не хапае".
На думку палітыка, 150-годдзе паўстання, якое будзе адзначацца сёлета, нельга прапусціць. "Каліноўскі, калі змагаўся, напэўна ведаў, што не выйграе ў моцнай рэгулярнай расійскай арміі, але ён хацеў падняць дух народа, — працягвае Мілінкевіч. — Хацеў паказаць, што трэба змагацца за сваю годнасць, трэба людзьмі сябе адчуваць, не быць нявольнікамі. Я думаю, гэты прыклад жыве і сёння — у такія маладыя гады ён пайшоў на шыбеніцу, але пакінуў надзвычай важны след. Прыйдзе час, можа і хутка, калі ў гарадах нашых будуць стаяць помнікі Каліноўскаму. У Гародні, з якой я паходжу, гарвыканкамам на пачатку 1990-х было прынятае рашэнне аб тым, каб устанавіць герою помнік, — яно не выканана да сённяшняга дня, хаця і не адменена. Гэта вельмі важна, каб людзі больш ведалі пра такіх асобаў, больш разумелі, чаму і за што яны змагаліся. І сваю адказнасць перад будучымі пакаленнямі таксама адчувалі, а не толькі ганарыліся мінулым".
Паводле слоў лідара руху "За Свабоду", у савецкія часы Каліноўскага ўсё ж такі лічылі змагаром супраць царызму, супраць дэспатыі. "Ён выглядаў тады як сацыял-дэмакрат — такая трактоўка была ў камуністаў, — лічыць палітык. — А ў часы, калі не вырашана, мы — самастойная дзяржава ці частка Расіі, мы — еўрапейскі народ ці ідзем на тое, каб стацца акраінай вялікай новай імперыі, тады гісторыя, яе трактоўка падладжваецца пад гэтыя новыя геапалітычныя тэндэнцыі. <…> Для імперскай палітыкі постаць Каліноўскага, безумоўна, варожая, а для расійскіх дэмакратаў гэта такая ж выдатная, як і многія людзі ў іхняй гісторыі".
На думку Мілінкевіча, галоўная роля такіх людзей, як Каліноўскі, — выхаванне новых пакаленняў у любові да сваёй краіны. "Ёсць адна ідэалогія — любіць сваю краіну, ведаць сваю гісторыю, тады ты — моцны, — упэўнены палітык. — Вось гэта ідэалогія кожнага еўрапейскага народа, і мы мусім ісці гэтым шляхам".