Старшыню гарадзенскага БНФ абвінавацілі ў парушэнні Канстытуцыі
Да 10 базавых велічынь прысудзілі старшыню гарадзенскай гарадской арганізацыі партыі БНФ Вадзіма Саранчукова за ўдзел у акцыі па ўшанаванні паўстанцаў Кастуся Каліноўскага 1863 года.
Як адзначае Вадзім Саранчукоў, яго штраф такі ж, як і ў свіслацкіх актывістаў, але большы, чым у асуджаных па гэтай справе гарадзенцаў, якія атрымалі па 8 базавых пакарання:
- Сёння я атрымаў пастанову Свіслацкага раённага суда пра тое, што мне прысуджана спагнанне ў 10 базавых велічынь за здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага Адміністрацыйным кодэксам. Абгрунтаванне, якое суддзя прыняў для прысуда, гэта – парушэнне 4 артыкулаў двух законаў Рэспублікі Беларусь, таксама парушэнне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, што ўвогуле выглядае як маразм.
У прыватнасці, Саранчукова абвінавацілі ў парушэнні "Закона аб масавых мерапрыемствах" і артыкула 19 Канстытуцыі "Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь". Палітык збіраецца абскардзіць рашэнне Свіслацкага раённага суда ад 27 снежня. На гэта ў Вадзіма Саранчукова ёсць час да 6 студзеня.