Брэст: разгляд справы аб абароне гонару і годнасці незалежнай журналісткі адкладзены на наступны год
У якасці адказчыка выступае карэспандэнт дзяржаўнай газеты “Брестский вестник” Уладзімір Міневіч, які сёння не з’явіўся ў суд Маскоўскага раёна Брэста, спаслаўшыся на тэрміновую камандзіроўку.
Падставай для судовага разбіральніцтва стала тое, што ў сакавіку гэтага году на адным з гарадскіх інтэрнэт-парталаў ананімнай крыніцай былі змешчаны абразлівыя ў дачыненні да Міланы Харытонавай каментары. Незалежная журналістка звярнулася з заявай ў міліцыю, каб там знайшлі аўтара допісаў і прынялі адпаведныя захады да прыцягення яго да адказнасці. Высветлілася, што допісы рабіў Уладзімір Міневіч, які працуе ў выданні, заставальнікам якога з’яўляецца Брэсцкі гарвыканкам.
Акрамя абвяржэння зробленых у каментарах высноваў, Харытонава патрабуе ад журналіста дзяржаўнай газеты 3 мільёна рублёў у якасці кампенсацыі за нанесеную маральную шкоду. Наступнае судовае паседжанне прызначанана 11 студзення 2013 году.