viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: “У 2012-м мы не проста адбіваліся ад нападак - спрабавалі дзейнічаць эфектыўна”

2012 2012-12-20T11:25:23+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-2012.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч (фота svaboda.org)

Валянцін Стэфановіч (фота svaboda.org)

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” дзеліцца прафесійнымі ацэнкамі адыходзячага году. Адзначаючы праблемы грамадзянскай супольнасці, пагаршэнне стасункаў уладаў у галіне правоў чалавека з аўтарытэтнымі міжнароднымі арганізацыямі, Валянцін Стэфановіч падкрэслівае, што асноўная задача праваабаронцаў і на наступны год застаецца ранейшай – вызваленне палітвязняў.

 

 

Якія выклікі паўсталі перад грамадзянскай супольнасцю Беларусі цягам году?

Стэфановіч: Кажучы пра сітуацыю з правамі чалавека, я адзначаю, што яна стабільна кепская. У пэўным сэнсе сітуацыя стабілізавалася, бо мы не можам сказаць, што ў гэтым годзе быў распачаты нейкі новы віток рэпрэсіяў, але і не спынены папярэдні. Наступствы падзеяў 19 снежня 2010 году, палітыка ўлады, скіраваная на рэпрэсіўныя метады кіравання, кантролю над грамадзянскай супольнасцю і ўвогуле над грамадствам – усё гэта застаецца.

Сярод новых выклікаў можна назваць узмацненне ціску на незалежныя прафсаюзы і ўвогуле наступ на правы працоўных, паколькі мы былі сведкамі шэрагу сацыяльных пратэстных акцыяў, лакальных страйкаў, сітуацый са звальненнямі з працы актывістаў прафсаюзнага руху і абаронцаў правоў працоўных. І завершылася усё гэта нашумелым Дэкрэтам № 9, які фактычна ўвёў прымусовую працу ў краіне, пагоршыўшы сітуацыю з кантрактнай сістэмай найму на працу. Практыка выкарыстання прымусовай працы пашыраецца – мы даведваемся са СМІ пра прыцягненне асацыяльных элементаў да ўборкі то лісця то снегу, іншыя падобныя рэчы. То бок, прадстаўнікі  дзяржаўных органаў улады забываюцца пра тое, што паводле Канстытуцыі ў нас права на працу – гэта права, а не абавязак.

Паралельна ідзе тэндэнцыя на ўзмацненне рэпрэсіўнасці заканадаўства. І цягам году былі гучныя справы, якія вяло КДБ: справа Сурапіна і Башарымава, якіх абвінавачвалі ў садзейнічанні незаконнаму перасячэнню мяжы ў сувязі з інцыдэнтам са шведскім самалётам, а зараз – справа Гайдукова, якога абвінавачваюць у здрадзе радзіме. Гэта таксама пэўная тэндэнцыя - калі КДБ вельмі вольна выкарыстоўвае некаторыя артыкулы Крымінальнага кодэкса, звязаныя з злачынствамі супраць дзяржавы. І хоць поўнай яснасці ў апошняй гэтай справе са шпіянажам мы не маем, тым не менш, выказалі вялікі сумнеў і недавер да афіцыйных версій следства. І я мяркую, што ёсць прычыны, каб лічыць гэтую справу палітычна матываванай, а Гайдукова - палітычным вязнем.

Праблема палітвязняў заставалася найбольш вострай цягам усяго году. І ў гэтым напрамку заўважаліся некаторыя ваганні: напрыклад, яшчэ ў верасні былі вызваленыя Сяргей Каваленка і Павел Сырамалотаў, а пазней ужо астатніх пачалі пераводзіць на турэмны рэжым адбывання пакарання. З чым звязваеце такія няроўныя паводзіны ўладаў?

Стэфановіч: Гэта хутчэй сітуатыўная рэакцыя, звязаная са стасункамі з Еўразвязам. Праблема палітычных вязняў знаходзіцца ў прамой сувязі са знешнепалітычнымі працэсамі – адсюль і такія ваганні ўладаў. І тое, што ажыццяўляецца ціск на вязняў, ім замяняецца рэжым на больш жорсткі, звязана з жаданнем атрымання ад іх прашэнняў пра памілаванне, неабходных уладам для атрымання магчымасці для манёўраў. Мы бачылі, што апошнія вызваленні гэтага году – Саннікава, Бандарэнкі, Каваленкі і Сырамалотава – усе звязаныя з прашэннямі пра памілаванне. На жаль, мы ў гэтым годзе не ўбачылі палітычнай волі з боку беларускай дзяржавы на вырашэнне праблемы палітвязняў, якая відавочна перашкаджае аднаўленню паўнавартасных стасункаў з Еўразвязам.

Як можаце ахарактарызаваць стасункі беларускіх уладаў з міжнароднымі структурамі ў гэтым годзе?

Стэфановіч: Найперш я б засяродзіў увагу на стасунках з міжнароднымі арганізацыямі, сябрам якіх з’яўляецца Беларусь (яна добраахвотна ўвайшла ў гэтыя арганізацыі і добраахвотна ўзяла на сябе абавязацельствы ў галіне правоў чалавека). Гэта ААН і АБСЕ. Тут Рэспубліка Беларусь публічна дэманструе, я б сказаў, пагарду да ўласных абавязацельстваў.

Як бачым, улады адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з Камітэтам ААН па правах чалавека па шэрагу індывідуальных зваротаў беларускіх грамадзянаў – фактычна дэманструецца непрызнанне КПЧ насуперак першаму Факультатыўнаму пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які Беларусь ратыфікавала, прызнаўшы такім чынам кампетэнцыю Камітэта. Тое ж датычыцца і спецдакладчыка ААН па Беларусі, прызначанага вышэйшым кіруючым органам – Радай па правах чалавека. Беларусь заявіла, што не прызнае гэты мандат і спецдакладчык пакуль не быў запрошаны ў краіну, як і шэраг тэматычных спецдакладчыкаў – па адвольных затрыманнях, незалежнасці судоў, абароне праваабаронцаў, камітэта супраць катаванняў. Такім чынам дэманструецца грэблівае стаўленне да ўсіх кантрольных механізмаў ААН, чыю кампетэнцыю Беларусь добраахвотна прызнала.

Адносна АБСЕ Лукашэнка ўвогуле заявіў, што гэта арганізацыя непатрэбная і яе варта распусціць. Хоць гэта адна з нешматлікіх міжнародных арганізацыяў, у якой Беларусь мае сяброўства. Цягам году мы чулі шмат крытыкі на адрас АБСЕ. І найперш гэта было звязана з місіяй па назіранні за выбарамі ў Беларусі, калі заяўлялася, што АБСЕ карыстаецца падвоенымі стандартамі, што стандартаў свабодных выбараў увогуле ледзь не існуе. Хоць ёсць Капенгагенскае пагадненне 1990 году пра стандарты правядзення выбараў, якое ўхвалілі ўсе краіны АБСЕ, у тым ліку Беларусь. Такія заявы ўладаў сведчаць пра тое, што Рэспубліка Беларусь не жадае супрацоўнічаць з міжнароднымі арганізацыямі, сябрам якіх яна з’яўляецца.

Вы цягам году як прадстаўнік “Вясны” бралі ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў ААН і АБСЕ, а таксама розных еўрапейскіх структураў. Якія маеце ўражанні наконт таго, ці адчуваюць гэтыя структуры нейкі плён сваіх дзеянняў у дачыненні да афіцыйнага Менску?

Стэфановіч: Што тычыцца Еўразвяза, то бачна, што ёсць пэўны крызіс стратэгіі ў стасунках з Беларуссю. Шмат хто кажа, што былі спробы розных падыходаў – уцягвання Беларусі ў агульны еўрапейскі кантэкст (2008 – 2010 гады), наладжвання паўнавартаснага дыялогу. Пасля 19 снежня 2010 году ўсе гэтыя працэсы спыніліся, супраць РБ былі ўведзеныя санкцыі, якія дзейнічаюць дагэтуль. Таксама ёсць пытанне наконт эфектыўнасці гэтых санкцыяў. І зараз, як я зразумеў, ідзе праца над новымі канцэпцыямі і падыходамі. Мне падаецца, што гэта вельмі важна. Трэба думаць і наперад, як выбудоўваць стасункі Еўразвяза з Беларуссю пры розных абставінах, напрыклад, у сітуацыі, калі будуць вызваленыя палітвязні. Еўразвяз з’яўляецца нашым суседам, Беларусь уваходзіць у праграму Еўразвяза “Усходняе партнёрства”, таму вельмі важна думаць над выбудовай гэтых стасункаў. Але гэта не можа быць аднабаковым працэсам. Здаецца, у ПАРЕ я чуў такую заўвагу наконт Беларусі: там не прызвычаіліся працаваць з краінамі, якія нічога не хочуць. То бок, кожная краіна зацікаўленая ў супрацоўніцтве ў той ці іншай сферы, а Беларусь на сёння замарозіла ўсялякія кантакты і не жадае супрацоўнічаць ні на якіх узроўнях. Хоць у ПАРЕ ёсць магчымасці навучальных праграмаў для суддзяў і адвакатаў па вывучэнні еўрапейскіх стандартаў у галіне правоў чалавека, досведу працы Страсбургскага суда, але Беларусь не хоча ўдзельнічаць ні ў якіх праграмах. Канешне, тут павінен быць двухбаковы працэс, як і “Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі”, запушчаны з ініцыятывы Еўразвяза. Па ідэі гэты дыялог павінен весціся з прадстаўнікамі ўлады з удзелам грамадзянскай супольнасці, але атрымліваецца, што ён ідзе толькі з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці – у адсутнасць боку, ад якога зрэшты залежыць гэтая мадэрнізацыя. Таму складана казаць, наколькі гэта эфектыўна.

Усё ж ці былі ў 2012-м годзе нейкія станоўчыя моманты, якія праваабаронцы маглі б адзначыць у сваёй працы?

Стэфановіч: Што тычыцца “Вясны”, то 2012 год быў даволі цяжкім для нас. Ціск на арганізацыю працягваўся ў розных формах – гэта і абмежаванні на выезд з краіны, якія цягнуліся пяць месяцаў, і выклікі сябраў Рады арганізацыі ў КДБ, фінансавыя праверкі. Год для нас скончыўся стратай офіса, які быў сканфіскаваны ў выніку справы Алеся Бяляцкага. Але мы не проста адбіваліся ад гэтых нападак, а спрабавалі дзейнічаць эфектыўна.

Я, напрыклад, вельмі задаволены ўдзелам “Вясны” ў назіранні за парламенцкімі выбарамі ў межах кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. У гэтым назіранні была задзейнічана фактычна ўся арганізацыя, нашыя рэгіянальныя аддзяленні, і была зроблена досыць вялікая праца. Мне вельмі прыемна, што якасць нашых аналітычных дакументаў даволі высока ацэнена экспертамі, у тым ліку і міжнароднымі, і шмат што з гэтых дакументаў было карысным для назіральнай місіі АБСЕ, з якой мы былі ў шчыльным кантакце.  І для мяне вельмі важна, што ў такіх складаных умовах арганізацыя захавала сваю дзеяздольнасць і фактычна ніводная з нашых праграм не была спыненая – і школы па правах чалавека праводзілі, і за выбарамі назіралі, і дапамогу рэпрэсаваным аказвалі. Спадзяюся, што і надалей мы будзем так працаваць.

Хачу адзначыць, што не толькі “Вясне” было складана. У гэтым годзе была ліквідаваная праваабарончая арганізацыя “Платформа”, аказваўся ціск і на іншых суб’ектаў грамадзянскай супольнасці. У тых жа спісах невыязных сярод 17-ці чалавек шмат хто быў з нашых калегаў – Андрэй Бандарэнка, Алег Гулак, Гары Паганяйла, Жанна Літвіна.

Ці бярэцеся рабіць прагнозы на наступны год?

Стэфановіч: Канешне, цяжка штосьці прагназаваць. Адзінае - што наступны год будзе без выбараў. Але ў “Вясны” шмат іншых спраў, мы плануем аднавіць працу менскага офіса ў поўным аб’ёме. Ці стане 2013-ты годам здзейсненых надзеяў – найперш на вызваленне нашых суграмадзянаў, якія знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах – паглядзім. Ад нас таксама шмат што залежыць у гэтай сітуацыі, хоць, на жаль, і не ўсё. Але вызваленне палітвязняў для нас застанецца важнейшай задачай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства