У Гародні праваабаронцаў будуць судзіць па здымку ў інтэрнэце
Справа ў дачыненні да праваабаронцаў з Гародні – Віктара Сазонава, Рамана Юргеля і Уладзіміра Хільмановіча набывае развіццё. Нагадаем, што 18 снежня яны былі апытаныя ў гарадскім аддзяленні міліцыі “Цэнтр”. А позна ўвечары 19 снежня ў тым жа аддзяленні міліцыі на ўсіх траіх былі складзены пратаколы пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне паводле артыкулу 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным пікеце).
Фармальнай падставай для ўзбуджэння гэтай справы стала размяшчэнне на сайце Праваабарончага цэнтру “Вясна” матэрыялу пра 10 снежня – Міжнародны Дзень правоў чалавека, калі гарадзенскія праваабаронцы сфатаграфаваліся ў падтрымку зняволенага Алеся Бяляцкага.
Аналагічных працэсаў на Гарадзеншчыне, калі адміністрацыйныя справы пачыналі з публікацыі ў інтэрнэце, яшчэ не было. Цяпер праваабаронцы будуць чакаць позвы ў суд, калі ён адбудзецца – пакуль невядома.