viasna on patreon

Еўракамісар Фюле: Вызваленне беларускіх палітвязняў застаецца для ЕС прынцыповым пытаннем (дапоўнена)

2012 2012-12-05T17:04:33+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fule-viasna-fidh-baj.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Штэфан Фюле, Валянцін Стэфановіч (“Вясна”), Саша Кулаева (FIDH), Жана Літвіна (БАЖ) у Бруселі 5 снежня 2012г.

Штэфан Фюле, Валянцін Стэфановіч (“Вясна”), Саша Кулаева (FIDH), Жана Літвіна (БАЖ) у Бруселі 5 снежня 2012г.

Вызваленне палітвязняў з’яўляецца перадумовай пачатку дыялогу Еўрапейскага Саюзу з афіцыйным Мінскам. Пра гэта еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства Штэфан Фюле ў чарговы раз заявіў падчас сустрэчы з намеснікам старшыні ПЦ “Вясна” Валянцінам Стэфановічам і старшынёй Беларускай асацыяцыі журналістаў Жаннай Літвіной, якая праходзіла 5 снежня ў Бруселі.

У межах візіту беларускіх праваабаронцаў у Брусель, арганізаванага Міжнароднай федэрацыяй за правы чалавека (FIDH), адбудзецца шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі Еўрапейскага Парламенту і Еўрапейскай Камісіі.

Як распавёў Валянцін Стэфановіч, падчас сённяшняй сустрэчы з еўракамісарам Фюле адбылася дыскусія па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

У першую чаргу – па праблеме палітычных зняволеных і пераследу прадстаўнікоў незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Праваабаронца падкрэсліў, што еўракамісар запэўніў, што вызваленне палітвязняў ЕС разглядае як перадумову пачатку дыялогу з афіцыйным Менскам. “Спадар Фюле выказаў падтрымку ўсім праваабаронцам Беларусі, а таксама праваабарончаму цэнтру “Вясна”, які, паводле яго слоў, працягвае працу ў такіх складаных умовах, асабіста Алесю Бяляцкаму і ўсім палітвязням”, - дадаў Стэфановіч.

Жанна Літвіна паведаміла прэс-службе ГА “БАЖ”, што падчас сустрэчы ішла гаворка і пра лібералізацыю сферы СМІ.

“Любое супрацоўніцтва і партнёрства заўсёды базіруецца на ўзаемным даверы і свабодзе выказвання. Тры гады таму, калі быў абвешчаны дыялог ЕС з афіцыйным  Мінскам, былі распрацаваныя рэкамендацыі для Беларусі ў галіне масмедыя. За тры гады ніводная з рэкамендацый, на жаль, так і не была выкананая беларускімі ўладамі.
Таму мая прынцыповая пазіцыя, што любы дыялог аб мадэрнізацыі, любы перамоўны працэс павінен пачынацца з невялікіх, але ўсё ж крокаў беларускага боку.
Сёння камісару Штэфану Фюле былі сфармуляваныя пяць канкрэтных крокаў, якіх даўно патрабуе ад беларускіх уладаў журналісцкая супольнасць. Такія крокі сведчылі б пра хоць бы мінімальную гатоўнасць афіцыйнага Мінска ісці на перамовы.
Гэта спыненне крымінальнага пераследу Андрэя Пачобута і Антона Сурапіна; спыненне пераследу часопіса “ARCHE” ды разблакаванне яго рахункаў; увядзенне мараторыя на выкарыстанне шасці адыёзных дыскрымінацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса; заяўны прынцып акрэдытацыі, а таксама спыненне гвалтоўных перашкодаў для працы журналістаў, якія адбываюцца ў Беларусі амаль кожны месяц”, - распавяла па выніках сустрэчы Жанна Літвіна.

Пасля сустрэчы з Фюле Валянцін Стэфановіч і Жанна Літвіна сустрэліся з журналістамі вядучых СМІ, у тым ліку тэлеканала Euronews і Радыё “Свабода”.  На чарзе – сустрэча з прадстаўнікамі Еўрапарламенту.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства