Гарадзеншчына: уладам не дае спакою ўшанаванне памяці паўстанцаў 1863 году
Уладам Гарадзеншчыны не дае спакою святкаванне Дня памяці паўстанцаў 1863 году, якое адбылося ў Свіслацкім раёне 27 кастрычніка бягучага году.
Супрацоўнікі міліцыі працягваюць шукаць удзельнікаў урачыстасці, пераследуючы іх у адміністратыўным парадку. Так, 4 снежня з адміністратыўнымі пратаколамі міліцыянты азнаёмілі старшыню Гарадзенскай арганізацыі Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова і сябра рады гарадской структуры ПБНФ Ірыну Данілоўскую. Напэўна, абодвух неўзабаве чакае выклік у Свіслацкі раённы суд.
Нагадаем, што 27 кастрычніка за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі былі затрыманыя чатыры чалавекі з розных гарадоў, трое з якіх былі засуджаны да адміністратыўных арыштаў, яшчэ адзін – да штрафу. Пазней за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве былі аштрафаваныя трое свіслацкіх грамадскіх актывістаў – Віктар Дзесяцік, Юрый Глебік і Анатоль Валюк, яны зараз абскарджваюць рашэнне раённага суду ў абласным.
Сітуацыю каментуе праваабаронца Віктар Сазонаў: “Наступны 2013 год грамадскасць збіраецца адзначаць пад эгідай 150-ых угодкаў з часу нацыянальна-вызвольнага паўстання. Відаць, улады прэвентыўна хочуць перашкодзіць гэтаму святкаванню. Тое, што адбываецца зараз вакол Дня памяці паўстанцаў у Свіслачы, з юрыдычнага гледзішча проста абсурд – па логіцы ўладаў людзі не маюць права знаходзіцца ў сваім горадзе, не маюць права прыехаць і ўскласці кветкі да помнікаў. Гэта абсалютна незаконная дыскрымінацыя грамадзянаў. З палітычнага ж і маральнага боку гледжання сітуацыя выглядае яшчэ горш – у 1863 годзе беларускія землі былі пад акупацыяй чужой дзяржавы, зараз жа маем суверэнную Рэспубліку Беларусь, у якой пераследуецца найперш тытульная нацыя – беларусы”.