Брэст: “жывы шчыт” каля шматпавярхоўкі на Набярэжнай
Раніцай 28 лістапада жыхары дома №32 па вуліцы Набярэжнай, у межкалоннай прасторы якога запланавана з’яўленне прыватнай аптэкі, спрабавалі ўласнымі сіламі перашкодзіць працы будаўнікоў.
Раней жыхары дома дамагліся ад гарадскіх уладаў правядзення незалежнай экспертызы, якая б дала адказ на пытанне, наколькі бяспечна весці будоўлю каля дому, які яшчэ некалькі гадоў таму знаходзіўся ў аварыйным стане і патрабаваў узмацнення фундаменту. Аднак, пакуль чакаецца экспертыза, будаўнікі спыняць сваю працу не збіраліся і спасылаліся на тое, што маюць ад гарвыканкама усе дакументы, неабходныя для працягу будаўніцтва.
Як паведаміла жыхарка дома Ірына Леванюк, пачуўшы гэта, людзі вырашылі ўласным “жывым шчытом” перашкодзіць будоўлі. “Улады не толькі парушылі нашы правы, калі без грамадскага абмеркавання загадалі адабраць тэрыторыю каля дома і перадаць яе інвестару пад будаўніцтва аптэкі без усялякай кампенсацыі жыхарам, але і хлусяць зараз, калі, не дачакаўшыся вынікаў незалежнай экспертызы, даюць дазвол працягваць будоўлю”, - лічаць жыхары шматпавярхоўкі.
Непасрэдна 28 лістапада будаўнічая тэхніка на б’екты не прыехала, таму “жывы шчыт” абыйшоўся без здарэнняў. Але жыхары маюць намер працягнуць сваю акцыю, як толькі будаўнікі вырашаць працягнуць працу.