viasna on patreon

Таццяну Рэвяку правяраюць адносна атрымання сродкаў ад Алеся Бяляцкага

2012 2012-11-28T18:52:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/reviaka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Таццяна Рэвяка

Праваабаронца Таццяна Рэвяка

Падаткавыя органы выкарыстоўваюць новыя спосабы ціску на сябра Рады Праваабарончага цэнтру “Вясна”, прэзідэнта Беларускага Дому правоў чалавека Таццяну Рэвяка. Праверка даходаў і маёмасці праваабаронцы, якую ажыццяўляе інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах РБ па Першамайскім раёне г.Мінска за перыяд з 2004 па 2010 год, не выявіла ў прадстаўленых ёю дакументах парушэнняў, звязаных з утойваннем прыбыткаў. Аднак падчас праверкі высветлілася, што ў падатковы орган перададзены дадзеныя з крымінальнай справы кіраўніка Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага.

Нагадаем, у справе Алеся Бяляцкага ў дакументах з літоўскага і польскага банкаў, якія леглі ў аснову абвінаваўчага прысуду ва ўхіленні ад падаткаў, былі звесткі аб сродках, якія Бяляцкі пералічваў на праваабарончую дзейнасць сваім калегам, у тым ліку Таццяне Рэвяка. Усе асобы, якія ўзгадваліся ў дакументах, былі дапытаныя ў якасці сведкаў на папярэднім следстве і ў судовым працэсе, падчас якіх не адмаўлялі атрымання сродкаў на канкрэтную дзейнасць, аднак, спачылаючыся на артыкул 27 Канстытуцыі, адмовіліся даваць паказанні адносна іх расходвання – каму, для чаго яны перадаваліся і г.д.

Нягледзячы на тое, што Міністэрства юстыцыі Літвы абвергла прадстаўленую банкаўскую інфармацыю, згодна з прысудам Алесю Бяляцкаму, усе сродкі, якія фігуравалі ў дакументах, былі залічаны ягоным асабістым прыбыткам, праваабаронца быў асуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і кампенсацыяй “шкоды”, якую нібыта нанёс сваімі дзеяннямі. Алесь Бяляцкі не прызнаў сваёй віны, але ягоныя паплечнікі змаглі сабраць вызначаныя судом сродкі для пагашэння дадзенай “шкоды”, якая ўключала ў сябе падаткі і пеню з агульнай сумы.

У выніку перадачы звестак з крымінальнай справы кіраўніка Пракваабарончага цэнтру “Вясна” ў падаткавыя органы паўстала сітуацыя, што сродкі, якія былі прызнаныя асабістым прыбыткам Алеся Бяляцкага, могуць быць прызнаны і асабістым прыбыткам яшчэ і ягоных калег.

Таццяна Рэвяка ўжо двойчы (20 і 27 лістапада 2012 году) была апытаная старэйшым падаткавым інспектарам адделу кантролю за дэклараваннем прыбыткаў і маёмасці фізічных асобаў інспекцыі МНС па Першамайскім раёне Валянцінай Буравай  адносна сумаў, якія фігуруюць у крымінальнай справе Алеся Бяляцкага і якія праваабаронца нібыта ёй пералічваў. Па словах спадарыні Буравай, дадзеная інфармацыя была перададзеная ў раённую інспекцыю “вышэйстаячымі органамі Міністэрства па падатках і зборах РБ”, але не змагла адказаць, па чыёй ініцыятыве яны былі туды перададзеныя. Дарэчы, менавіта дадзены “вышэйстаячы орган”, па словах інспектара, ініцыяваў праверку прыбыткаў і маёмасці праваабаронцы за апошнія 10 гадоў. 

Таццяне Рэвяка было прапанавана адказаць на пытанні, датычныя наяўнасці рахункаў у літоўскім банку, мэтаў іх адкрыцця, характару пераводаў на іх сродкаў. У пратаколе апытання ўказваецца, што “у інспекцыі маюцца копіі выпісак з рахункаў АО DnB NORD банк, Вільнюс, Літва, згодна з якімі атрымальнікам грашовых сродкаў выступае Таццяна Рэвяка” (ад А. Бяляцкага), аднак інспектар адмовілася прадставіць самі выпіскі.  У такой сітуацыі праваабаронца адмовілася каментаваць інфармацыю без азнаямлення з дакументамі, а адносна тлумачэнняў па рахунках скарысталася сваім канстытуцыйным правам не даваць сведчанняў, якія могуць быць скарыстаны супраць яе.

Інспектар Бурава паведаміла, што падаткавая будзе праводзіць праверку па атрыманай са справы Бяляцкага інфармацыі, па выніках якой будзе прынята рашэнне, ці будуць сродкі, якія нібыта былі пералічаныя Таццяне Рэвяка, залічаныя як яе асабісты прыбытак, які не быў задэклараваны і з якога не выплачаныя падаткі.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” расцэньвае дадзеныя захады падаткавых органаў як пераслед праваабаронцаў за прафесійную дзейнасць і яшчэ адзін са сродкаў ціску на арганізацыю, праца якой пасля арышту кіраўніка Алеся Бяляцкага і канфіскацыі офіса не спыняецца.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства