Салігорцы патрабуюць будаўніцтва новай паліклінікі
Кампанія ў абарону права на даступнае для ўсіх грамадзянаў медыцынскае абслугоўванне разгарнулася ў Салігорску.
Вострая праблема чэргаў у раённай паліклініцы існуе ўжо доўгія гады. Дзеючая медыцынская ўстанова разлічана на 680 наведванняў штодня, але фактычна іх адбываецца ў тры разы болей. Нават па існуючых нормах магутнасць салігорскай паліклінікі меншая ў паўтары разы за неабходную.
Каб нагадаць салігорцам пра іх сацыяльныя правы, мясцовыя актывісты моладзевага цэнтра “Волат” рапаўсюдзілі ў горадзе ўлёткі з напамінам аб існуючай праблеме. Маладзёны прапануюць “узгадаць прозвішчы нядаўна “прызначаных-абраных” дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ад салігорскага рэгіёна і звярнуцца з дадзеным пытаннем да іх”. Таксама актывісты заклікаюць грамадзянаў да ўдзелу ў зборы подпісаў за будаўніцтва ў Салігорску новай паліклінікі.
У бліжэйшы час далучыцца да кампанні ў абарону права на даступнае медыцынскае абслугоўванне плануюць і іншыя дэмакратычныя структуры Салігоршчыны.